Улетку БРСМ запрашае на ўпарадкаванне Мінску і Бярозаўскага запаведніка

Тры тысячы БРСМаў не гатовыя заплаціць за візу і квіткі, каб хоць месяц правесці ў міжнародным валанцёрскім летніку за мяжой. Замест таго яны прыбіраюць вуліцы сталіцы і добраўпарадкуюць Бярозаўскі біясферны запаведнік. Паехаць на валанцёрскія працы за мяжу можна, напрыклад з дапамогай беларускай філіі Міжнароднай грамадзянскай службы. Як распавяла нам яе прадстаўніца Элада Гукасава, з іх дапамогай можна паехаць у валанцёрскія летнікі больш чым у 60 краінаў свету.

Элада Гукасава: Гэта ўся Еўропа, гэта Афрыка, Амерыка, нават у Аўстраліі ёсьць! Але звычайна нашыя студэнты едуць у Польшчу, Нямеччыну, Галандыю, Францыю – у тыя краіны, якія пабліжэй. Тэматыка летнікаў розная: гэта і праца з тынэйджэрамі, і антырасізм, і экалогія і рэстаўрацыя... Іх вельмі шмат.

Для таго, каб паехаць у летнік, патрэбна прынамсі мінімальнае веданне замежнай мовы. Звычайна ў летніках працоўная мова англійская. Але калі вы, напрыклад, ведаеце іспанскую, то можаце паехаць, напрыклад, у Іспанію. Адпаведна, з італьянскай – у Італію. Больш ніякіх асаблівых патрабаванняў няма, акрамя, хіба, матывацыі і жадання, бо гэта ўсё ж такі добраахвотная праца.

Збіраючыся ў такую вандроўку, вам давядзецца аплаціць сабе візу, калі яна платная, і праезд.
Элада Гукасава: Харчаванне, пражыванне, страхоўку і экскурсіі аплочвае арганізацыя.

Трэба памятаць, што страхоўка не пакрывае выдаткаў на лячэнне хранічных хваробаў. Валанцёрам з такімі захворваннямі давядзецца набыць сабе яшчэ адну страхоўку.

Кароткатэрміновыя летнікі звычайна цягнуцца ад 2 тыдняў да месяца. Ёсць і доўгатэрміновыя летнікі, але каб туды трапіць, патрэбныя ўжо больш спецыфічныя веды і досвед.

Элада Гукасава: Гэта будзе праца ў офісах няўрадавых арганізацыяў ці ў сацыяльных цэнтрах са старэйшымі людзьмі, інвалідамі... На такую працу могуць узяць, калі ёсць практыка звычайнага летніка, аднак у такім выпадку замежная мова мусіць быць на высокім узроўні.

У летніках вас могуць пасяліць як у намётах, так і ў моладзевых гатэлях ці моладзевых цэнтрах. Там вас альбо накормяць штатныя кухары, альбо дадуць пэўную суму грошай на ежу.

Элада Гукасава: Калі працуеш у дзіцячых цэнтрах, у якіх ёсць павары – там харчаванне прадастаўляецца. У некаторых летніках усім удзельнікам выдаецца пэўная сума грошай, і яны самі вырашаюць, што набываюць, і як гатуюць. Напрыклад, сёння гатуе Індыя, заўтра Беларусь... Атрымоўваецца такая міжнародная кухня.

Пра ўсе гэтыя ўмовы вам паведамяць загаддзя, каб можна было выбраць найбольш прымальны варыянт.

Працуюць студэнты звычайна па 4-6 гадзінаў у дзень. Працягласць працоўнага дня можа залежаць ад надвор’я, і ў залежнасці ад гэтага быць 2 гадзіны ці больш за 6. Субота і нядзеля выходныя і валантэры падарожнічаюць. Калі летнік праходзіць у вялікім горадзе, то гэта могуць быць паходы ў музеі. З вёскі, дзе вы можаце апынуцца, на экскурсію вас звозяць. Аднак праграмы выходнага дня не прадугледжваюць абавязковага ўдзелу.

Калі ж вас штосьці не задаволіць, то звярнуцца са сваімі праблемамі будзе да каго.
Ва ўсіх летніках ёсць кэмп-лідэры, якія адказваюць за знаходжанне ў летніку ўсіх астатніх. У іх на руках усе грошы і страхоўкі, і менавіта да іх трэба звяртацца, калі захварэеце ці ўзнікнуць нейкія іншыя пытанні.

Элада Гукасава: Калі нават гэты чалавек не можа вырашыць пытанняў, то можна выходзіць на сувязь і з намі, і з прадстаўніцтвам арганізацыі ў краіне, у якую паехалі. Там заўсёды ёсьць каардынатары, а, напрыклад, у Нямеччыне і такіх краінах пабліжэй яны нават ведаюць рускую мову. Ім можна патэлефанаваць і вырашыць усе пытанні і, калі штосьці ня так, можна з’ехаць раней.

Аднак, па словах Элады Гукасавай, якая працуе ў арганізацыі ўжо 13 год, такіх выпадкаў, каб хтосьці з’яжджаў, не здаралася.

У летнік звычайна едзе 1-2 чалавекі з краіны, часцей 1, а ўсяго ў летнік прыяжджае 15-20 чалавек. Элада Гукасава пераконвае, што заўжды гэтыя летнікі праходзяць вельмі весела і даюць магчымасьць шмат даведацца:

Элада Гукасава: Яны гатуюць розную ежу, робяць міжкультурныя вечарыны, вучаць адзін аднаго нацыянальным танцам. Заўжды гэта вельмі весела, і ты шмат што даведваешся. Самае смешнае, што часамі, калі працоўных моваў некалькі, у летніку сустракаюцца людзі, якія не валодаюць ніводнай агульнай мовай, але яны неяк камунікуюць! Знаёмяцца, а потым ездзяць адзін да аднаго ўжо індывідуальна.

Беларуская моладзь яшчэ не зразумела кайфу летнікаў, і па-ранейшаму не шмат выяжджае за межы, а ў апошні час колькасць міжнародных валанцёраў беларускага паходжання скарацілася. Элада Гукасава паведаміла, што за 2004 год іх было 100-150 чалавек, а цяпер едзе 30-40.

Альтэрнатыву міжнародным валанцёрскім летнікам прапануе і БРСМ. Аднак, як распавёў Еўрарадыё камісар мінскага гарадскога штаба студэнцкіх атрадаў Антон Самусенкаў, яны ўсе адбываюцца ў Беларусі. За мяжу можна паехаць працаваць толькі ў педагагічныя летнікі. Сярод іншага можна пайсьці працаваць у атрады па добраўпарадкаванні Мінску

Антон Самусенкаў: Вось у нас быў такі атрад, які, напрыклад, працаваў у Батанічным садзе 2 месяцы. Там зараз рэканструкцыя, і яны папрасілі дапамогі. І штосуботу па 40 чалавек ад кожнага ВНУ хадзілі дапамагаць. Таксама ёсць экалагічны валанцёрскі летнік у Бярэзінскім біясферным запаведніку, ён будзе ладзіцца 3 год запар. Таксама добраўпадаркаванне. Працуюць там па 4 гадзіны ў дзень, а потым там ладзяцца розныя мерапрыемствы, каб не было сумна.

Плаціць за такі летнік таксама не давядзецца, бо на яго атрымліваецца фінансаванне. Аднак, як распавёў Антон Самусенкаў, у мінулым годзе фінансавання не хапіла, таму давялося збіраць арганізацыйны ўзнос – 50 тысячаў беларускіх рублёў.

Удзельнічае ў валанцёрскіх атрадах БРСМ значна больш людзей, чым выяжджае за мяжу.

Антон Самусенкаў: Так, вельмі шмат. У мінулым годзе было задзейнічана больш 3000 чалавек у розных атрадах.

Працяг пра тое, куды можна паехаць летам працаваць і колькі на гэтым зарабіць у хуткім часе.
Фота: Революционный комсомол

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі