Уладзіслаў Якаўлеў: “Мне падаецца, што Дакота будзе адной з фіналістак"

Еўрарадыё вырашыла даведацца, як ставяцца да беларускі Маргарыты Герасімовіч на “Фабрыцы зорак 7”. Для гэтага мы паразмаўлялі з людзьмі, якія непасрэдна прымаюць удзел у запальванні новых “зорак”. Выкладчык па вакале Уладзімір Каробка, які працаваў на ўсіх сямі “фабрыках”, дый наогул навучыў спяваць значную частку рускай эстрады, кажа, што адразу ўбачыў у Маргарыце рэдкі талент:

“Яна мае сапраўдны паэтычны талент. Гэта ў яе не проста эстэцтва, а пераведзена ў яе ў нейкую форму. То бок, у яе галоўным з’яўляецца слова. І гэта вельмі файна. Яна працуе дзеля канкрэтнага зместу. Потым, яна ўсё вельмі хутка ўлоўлівае. Хаця ў яе ёсць нейкія непатрэбныя напрацоўкі , якія я называю “вельмі модна”, такія мудрагелістасці. Але гэта непазбежна для яе ўзросту, і на нейкія рэчы за час знаходжання на “Фабрыцы” яна паглядзела цалкам па-іншаму. І мне падаецца, што нейкіх неапраўданых экстрэмальнасцей у манеры гучання ў яе ўжо не будзе”.

Свае меркаванні наконт Маргарыты Герасімовіч выказаў і галоўны пастаноўшык шоў Андрэй Сычоў, які назваў маладую 17-гадовую спявачку сапраўдным “фабрычным” прадстаўніком рокавага напрамку:

“Усе фабрыканты адрозніваюцца адзін ад аднога, менавіта таму яны ў гэтым праекце і ўдзельнічаюць, гэта не адзіная маса. Прадстаўніком выразнага рок-н-ролу з’яўляецца Дакота. Іншых фабрыкантаў, блізкіх да гэтага стылю, у нас няма. У гэтым яе асаблівае месца. Яна толькі пачынае сваю кар’еру, яшчэ шмат у чым сумняваецца, бывае ў яе ўсё праходзіць праз слёзы. Канешне, у яе існуюць пэўныя сумневы, у некаторых выпадках паніка, ва ўсялякім разе – калі намінацыя была. Але яна ўсё гэта змагла пераадолець, і гэты поспех яе мабілізаваў і зрабіў з яе годнага чалавека, што тычыцца выканаўчага майстэрства. Яна ўзмужнела, калі гэты тэрмін магчыма аднесці да дзяўчыны”.

Нягледзячы на тое, колькі яшчэ Маргарыта прабудзе на “Фабрыцы Зорак”, лінейны прадзюсар праекту Ганна Заікіна ўжо зараз верыць у тое, што дзяўчынку чакае сапраўдная кар’ера ў шоў-бізнэсе:

Ганна Заікіна: “Яна насамрэч вельмі незвычайна спявае. Яна вельмі крэатыўная дзяўчына, нейкі такі праменьчык на “Фабрыцы”. Яна вельмі яскравая і запамінальная, то бок, яна дакладна не з аўтсайдэраў. Ужо зараз зразумела, што ў яе неблагія перспектывы. Тым больш, што дзяўчынка вельмі таленавітая, і магу сказаць, што адэкватная, то бок яна абыходзіцца без нейкіх там істэрык, без нейкіх дэманстратыўных паводзінаў. Яна дзяўчынка, якая разумее, што яна робіць і да якой мэты ідзе”.

Еўрарадыё выйшла на генеральнага дырэктара кампаніі “Меладзэ бразэрс” Уладзіслава Якаўлева, які запэўніў нас, што зараз Рыта адчувае сябе на “Фабрыцы” ўпэўнена:

“Канешне, яна сама мне распавядала, што першы тыдзень быў для яе вельмі цяжкім. Пасля паступова яна пачала прывыкаць. Я думаю, што зараз яна наогул пачне атрымліваць вялікае задавальненне. Канешне, чым маладзейшы чалавек, тым яму больш цяжка. Там усе старэйшыя за яе. Хто на 2-3 гады, а хто наогул на 7. Але ж, на мой погляд, яна адна з самых яскравых, з вельмі моцным вакалам. Вось не хачу гадаць і выказваць свае меркаванні, але мне падаецца, што яна будзе адной з фіналістак дакладна”.

Па словах Уладзіслава, праца над іміджам Дакоты толькі пачынаецца:

“Мне падаецца, што спачатку ёй трэба пачынаць з чагосьці больш лёгкага, не з панку. Сама яна называе свой стыль прыпапсованым глэм-рокам, але ж пачынаць ёй трэба з больш мяккай альтэрнатывы. Кшталту яе “Спичек”, можа нават крыху лягчэйшага. А потым, я думаю, у адзін цудоўны момант яна ўдарыць. Але гэта ўжо будзе рашэннем Меладзэ. Зараз толькі пачатак “Фабрыкі”, зараз усе знаходзяцца ў пошуку, не толькі ўдзельнікі, але і прадзюсары”.

Фота: dakota-fz7

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі