Вы тут

Уладзімір Мацкевіч: Прыцягнуць міліцыянтаў да адказнасці будзе складана

Уладзімір Мацкевіч расказаў Еўрарадыё, што пакуль не мае юрыдычнай магчымасці падаць у суд на міліцыянтаў, якія сведчылі супраць яго на судзе. Менавіта таму папрасіў пракуратуру праверыць іх дзеянні.

"Калі ўжо рабіць, то так, каб гэта мела вынік. А не проста скаргу падаць, выклікаць, а суд на розных падставах адмовіцца гэта рабіць. А падставы вельмі хісткія. Бо суддзя прыняла такое рашэнне, якое не прадугледжвае магчымасці апеляцыі альбо сустрэчнай позвы", ― гаворыць Мацкевіч.

Суд над Уладзімірам Мацкевічам адбываўся 15 сакавіка. Паказанні супраць яго давалі супрацоўнікі АМАПа Ілля Якаўлеў і Аляксандр Шушко, якія заявілі, што пазналі ў Мацкевічу ўдзельніка мітынгу, які адбыўся ў Мінску 15 лютага. Па іх словах, Мацкевіч стаяў з расцяжкай. Таксама ў працэсе ўзяў удзел участковы Дзяніс Трасняк, які склаў пратакол на Мацкевіча за ўдзел у мітынгу.

Усе міліцыянты былі папярэджаныя пра адміністратыўную адказнасць за непраўдзівыя сведчанні. Аднак усе яны заяўлялі пра сваю ўпэўненасць у тым, што пазналі Мацкевіча.

Пасля паказанняў міліцыянтаў Уладзімір Мацкевіч паказаў суду квіткі на самалёт: ён вылецеў у Варшаву 14 лютага, а ў Мінск вярнуўся 16-га. Таксама яго адсутнасць у Беларусі пацвярджаецца памежнымі штампамі ў пашпарце.

Суддзя Шабуня заявіла, што іншых доказаў не патрабуецца. Суд пастанавіў вярнуць матэрыялы ў РУУС для выпраўлення недахопаў і дапрацоўкі.