Уладзімір Мацкевіч: Крызіс абуджае хутчэй апазіцыйныя настроі

У той час, як ва ўсёй Еўропе з пачаткам крызісу актывізуюцца рухі левага кірунку, Беларусі, якая ідзе ў бок "лібералізацыі", гэта не пагражае Страйк, які распачаўся з канцы студзеня ў Францыі, прайшоў пад левымі лозунгамі, а ў Польшчы ствараецца левацэнтрысцкая кааліцыя. Палітолаг Уладзімір Мацкевіч патлумачыў Еўрарадыё, што гэта цалкам заканамерная рэакцыя грамадства на эканамічны крызіс.

Уладзімір Мацкевіч: "Крызісы заўжды абуджаюць левыя настроі і даюць ухіл у левы бок у палітыцы, калі людзі патрабуюць пэўнай стабільнасці, бяспекі. Я думаю, што гэта цалкам натуральная з'ява, яна не аднойчы паўтаралася ў свеце і гісторыі".

Але Беларусь - гэта хутчэй выключэнне з правіла, кажа Мацкевіч. Калі на вуліцу і выходзяць палітычна актыўныя грамадзяне, то пад ліберальнымі, цэнтрысцкімі лозунгамі. Найперш гэта абумоўлена тым, што сам беларускі рэжым "левай" скіраванасці, а таму апазіцыйныя сілы, якія мусяць прапанаваць альтэрнатыву дзейснай уладзе, не могуць кіравацца левымі ідэямі. Вось што гаворыць Уладзімір Мацкевіч:

"Але што тычыцца Беларусі - тут усё ж такі асаблівая сітуацыя. У Беларусі "левы" рэжым, вельмі "левага" такога накірунку. Крызіс абуджае хутчэй апазіцыйныя настроі, але крытыкаваць ці супрацьпастаўляцца "леваму" рэжыму ў гэтым, у гэтай сітуацыі, напэўна, складана пад "левымі" лозунгамі".

Цяперашняя сітуацыя ў Беларусі, па словах Мацкевіча, абумоўлена папярэдняй палітыкай уладаў.

Уладзімір Мацкевіч:
"Сёння цалкам натуральна, што калі па ўсім свеце дзяржава ўмешваецца ў эканоміку і робіць "левыя" захады, то ў Беларусі ідзе лібералізацыя. Таму што гэта выклікана менавіта папярэдняй палітыкай і папярэднімі справамі".

Атрымліваецца, што камуністы і іншыя партыі "левых" поглядаў сёння маюць мала шанцаў, каб здабыць падтрымку беларускіх грамадзянаў. Немалаважным чыннікам, які змяншае колькасць прыхільнікаў альтэрнатыўных уладзе "левых" партыяў з'яўляецца тое, што бюджэтныя групы працаўнікоў, на якіх звыкла абапіраюцца гэтыя партыі, сёння актыўна падтрымліваюцца дзяржавай. Вось што гаворыць пра гэта Мацкевіч:

"Пакуль з бюджэтнікамі, з тым падмуркам, на якім магла б будаваць свой распаўсюд менавіта камуністычная партыя, ну з імі пакуль рэжым працуе, і камуністы ў гэтым сэнсе уплыву на іх не маюць".



На здымку з архіву: Станіслаў Шушкевіч у 2004 г. праводзіў сход БСДГ у памяшканні Партыі камуністаў Беларускай.

Фота - photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі