Улады не дазваляюць пікеты ў дзень народзінаў палітвязня Казуліна

Улады не дазваляюць пікеты ў дзень народзінаў палітвязня Аляксандра Казуліна, які прыпадае на 25 лістапада. У Мінску акцыі былі запланаваныя на плошчы Бангалор, у парку імя 50-годдзя Кастрычніка і на вуліцы Арлоўскай. Аднак Мінгарвыканкам паведаміў актывістам, што на плошчы і ў парку будзе праводзіцца рамонт, а на вуліцы Арлоўскай пікет замінаў бы руху пешаходаў і транспарту.

Тым не менш, сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) – менавіта яе ачольвае Казулін – маюць намер прыйсці ў нядзелю на плошчу Бангалор і ў парк імя 50-годдзя Кастрычніка, каб праверыць, ці будуць там праводзіцца рамонтныя працы.

У выпадку, калі іх не будзе, яны збіраюцца падаваць у суд, інфармуе БелаПАН.

Тым часам у Гродне забаранілі пікеты ў падтрымку палітзняволеных. Каля 20 заявак падавалі сябры Беларускага Хельсінскага камітэту, Аб’яднанай грамадзянскай партыі і Партыі камуністаў беларускай. Акцыі планаваліся таксама на 25 лістапада, адзначае Радыё Свабода.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі