Улады Беларусі хочуць узмацніць адказнасць за графіці і надпісы на будынках

Графіці ў Мінску / Еўрарадыё
Графіці ў Мінску / Еўрарадыё

Улады Беларусі рыхтуюць змены ў заканадаўства, якія дазволяць зрабіць больш жорсткай адказнасць за надпісы і графіці на будынках. Пра гэта, выступаючы на тэлеканале "Беларусь 1", паведаміў старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў:

"Даволі сур'ёзна разам з праваахоўнымі органамі займаемся гэтай праблемай. Вельмі шмат людзей ужо прыцягнутыя да адказнасці, затрыманыя. Калі там чалавек сапсаваў фасад, зрабіў надпісы, то трэба перафарбоўваць увесь фасад. Таму гэта вельмі сур'ёзныя сумы. Больш за мільён рублёў было выстаўлена. Грошы спаганяюцца з тых людзей, якія былі затрыманыя".

Старшыня Мінгарвыканкама дадаў, што для пошуку тых, хто пакідае графіці на сценах, выкарыстоўваюцца выявы з камер відэаназірання. А тых, каго зловяць паўторна, караць будуць сур'ёзней, таму што "ён ужо свядома здзяйсняе гэтыя ўчынкі, а не як яны потым тлумачаць: самі не разумелі, як мы гэта зрабілі".

Трэба сказаць, улады і раней не цырымоніліся з тымі, хто пакідаў надпісы ў грамадскіх месцах. Прычым крымінальныя справы заводзіліся за надпісы пратэстнага характару. Напрыклад, 25-гадовая Марыя Бабовіч і 26-гадовы Максім Паўлюшчык былі асуджаныя за надпіс "Не забудзем" на тратуарнай плітцы каля месца гібелі Аляксандра Тарайкоўскага каля станцыі метро "Пушкінская". Суддзя Юлія Блізнюк прызнала іх вінаватымі ў хуліганстве і пысудзіла Паўлюшчыка да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму, а Бабовіч — да 1,5 года "хатняй хіміі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі