Украінскія памежнікі абстралялі кіроўцу, які ўцякаў у Беларусь

Украінскія памежнікі абстралялі кіроўцу, які ўцякаў у Беларусь

Агонь з аўтамата адкрылі зранку 30 кастрычніка ўкраінскія памежнікі на мяжы з Беларуссю.

Як паведамляе сайт Дзяржаўнай памежнай службы Украіны, на пункце пропуску "Новыя Ярылавічы" ў Чарнігаўскай вобласці памежнікі звярнулі ўвагу на "Форд" з літоўскімі нумарамі, які ехаў у Беларусь. Падчас праверкі аўтамабіля выявілася, што кіроўца, грамадзянін Украіны, парушыў правілы транзіту на транспартны сродак.

Жадаючы пазбегнуць адказнасці, мужчына паспрабаваў уцячы ад памежнікаў і зрабіў небяспечны разварот на аўтамабілі. Памежнікі спрабавалі ўжыць супраць парушальніка сродак для прымусовага спынення. Аднак спыніць яго атрымалася толькі з дапамогай аўтамата Калашнікава. Паведамляецца, што памежнікі зрабілі некалькі папераджальных стрэлаў уверх і адзін стрэл па коле.

Аўтамабіль спыніўся, кіроўцу затрымалі. На яго склалі два адміністратыўныя пратаколы. Цяпер парушальніка чакае суд.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі