Украінскі вайсковец распавёў пра баі за плацдарм на левым беразе Дняпра

Вайна ва Украіне

Вайна ва Украіне / АР

Украінскі вайсковец распавёў пра баі за плацдарм на левым беразе Дняпра. "Я вырваўся з пекла",кажа ён у гутарцы з "Бі-Бі-Сі". Імя вайскоўца не называецца.

Сотні ўкраінскіх вайскоўцаў ужо некалькі тыдняў змагаюцца на ўчастку левабярэжжа ў раёне вёскі Крынкі ў Херсонскай вобласці. Яны здолелі ўзяць яго пад кантроль падчас контрнаступу.

"Уся перадавая пад пастаянным агнём расіян, — расказвае ўкраінскі баец. — У мяне на вачах затанулі лодкі з маімі пабрацімамі, засталіся назаўжды ў Дняпры... Мы з сабой бярэм на той бераг усё: генератары, паліва, ежу. Для таго каб трымаць плацдарм, трэба ўсё і шмат, але забеспячэнне сюды не было спланавана. Мы думалі, што пасля таго як зойдзем, ворагі ўцякуць і далей мы будзем спакойна перапраўляць усё неабходнае, але так не адбылося".

Вайсковец кажа, што калі яны пераправіліся на той бераг Дняпра, расіяне ўжо чакалі. Палонныя пасля сказалі, што іх загадзя папярэдзілі пра запланаваны дэсант. "Так што вораг ведаў, куды страляць, — працягвае вайсковец свой аповед. — Ляцела па нас усё, што можна: накрывалі з артылерыі, мінамётаў, агнямётаў. Я думаў, што ніколі адтуль не выберуся".

Аднак украінскія марскія пехацінцы трымаюць плацдарм. Яны маюць падтрымку ўкраінскай артылерыі з высокага правага берагу Дняпра. Расіяне ж кідаюць да Крынак свае рэзервы.

"Мы ўвесь час сядзелі пад абстрэлам, — расказвае марскі пехацінец. — Усе дарогі і шляхі замінаваныя. Расіяне не могуць усё кантраляваць, і мы гэтым карыстаемся. Але іх дроны вісяць у паветры пастаянна, яны гатовыя страляць пастаянна, гатовыя страляць адразу ж, як толькі ўбачаць перамяшчэнне... Забеспячэнне было [нашым] самым слабым звяном. Расіяне за гэтым сачылі, і станавілася ўсё цяжэй. Асабліва не хапала вады, хоць нешта перапраўлялі на лодцы або дронамі... Мы самі дазакуплялі генератары, зарадныя банкі, цёплую вопратку. Цяпер наступаюць халады, і будзе толькі горш. А паколькі рэальная сітуацыя тут замоўчваецца, то ніхто нічога мяняць не будзе... У асноўным усе страты ў нас былі праз памылкі: не туды палез, не там вылез, дрэнна схаваўся. Калі хтосьці затупіў, то прылятае адразу з усяго".

Вайсковец кажа, што "ніхто сваіх мэтаў не ведае", а многія байцы на плацдарме лічаць, што камандаванне іх проста кінула. "Хлопцы лічаць, што ў нашых высадках [на левым беразе Дняпра] палітычнага значэння было больш, чым ваеннага. Але мы проста рабілі сваю працу і не паглыбляліся ў стратэгію", — дадае ён.

З плацдарма вывозяць параненых, а вось загінулых хаваюць на месцы.

"Вельмі шмат страт зараз наносяць ворагу нашы дроны і артылерыя. Палонных бралі адзін раз, але куды іх потым падзець, калі нам сваіх перапраўляць няма магчымасці?", — расказвае баец.

"Тут павінны былі высаджвацца некалькі брыгад, а не роты. Людзей не хапае, — цытуе "Бі-Бі-Сі" словы ўкраінскага вайскоўца. — Людзі патрэбныя, але навучаныя, а не тыя, хто цяпер. Ёсць такія, хто прайшлі навучанне на працягу [усяго] некалькіх тыдняў і паспелі толькі некалькі разоў пастраляць. Гэта проста кашмар... Усе, хто хацеў прыйсці на вайну добраахвотнікам, ужо даўно прыйшлі. Ніякімі грашыма ўжо не завабіш. Цяпер да нас ідуць тыя, хто не паспеў уцячы ад ваенкамата. Вы будзеце смяяцца, але сярод марпехаў ёсць хлопцы, якія не ўмеюць плаваць".

Украінскі вайсковец распавёў пра баі за плацдарм на левым беразе Дняпра
bbc.com

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі