Украіна вярнула Чарнігаўшчыну з тэрыторыі Беларусі

Больш за 6 кіламетраў украінскіх лугоў і лясоў маглі адысці да Беларусі з-за змены рэчышча Дняпра. Але Чарнігаўшчына застанецца ва Ўкраіне – урад усё ж такі знайшоў грошы на ўмацаванне берагу ракі.
На працягу трох месяцаў спадзяюцца ўкраінцы вярнуць Дняпро ў старое рэчышча. 14 жніўня пачаліся працы ля паселішча Кукары Рэпкінскага раёна, паведаміў Еўрарадыё начальнік Упраўлення па надзвычайных сітуацыях адміністрацыі Чарнігаўскай вобласці Вячаслаў Рыга:

“Працы ўжо пачаліся – пайшла туды тэхніка, людзі і неабходныя механізмы. Зараз там падрыхтоўчыя працы ідуць поўным ходам. Грошы ўжо паступаюць. Мы плануем на працягу 3-3,5 месяцаў правесці гэтыя працы па ўмацаванні берагу”.



Нагадаем, рака Дняпро ў раёне мястэчка Любеч Рэпкаўскага раёна прабіла сабе новае рэчышча, што пагражала аддзяленнем ад тэрыторыі Ўкраіны 660 гектараў заліўных лугоў (украінска-беларуская мяжа праходзіць па самай глыбокай частцы Дняпра).

Вячаслаў Рыга: “Атрымлівалася, што Дняпро змяніў рэчышча і ў сувязі з гэтым змяненнем часткі тэрыторыі – лугі, лясы, агулам 660 гектараў паступова адыходзілі ад тэрыторыі Ўкраіны, проста адразалася ды і ўсё”.



Каб захаваць гэтыя тэрыторыі ва Ўкраіне, трэба ўмацаваць 500 метраў берагу. Але грошай, якія на тое выдаткаваў украінскі ўрад не хапала:

Вячаслаў Рыга:“У сувязі з крызісам і рэзкім зніжэннем фінансавання на гэты ўчастак было выдаткавана менш за 300 тысяч грыўняў. Ну, а гэта амаль нічога. Гэтыя грошы не вырашылі б праблемы”.

Па словах Вячаслава Рыгі, 19 жніўня ўкраінскі прэм’ер-міністр Юлія Цімашэнка падпісала распараджэнне, па якім на ўмацаванне рэчышча ўсё ж такі выдзелілі дадатковыя грошы:

“Выдаткавалі 11,1 мільёна грыўняў для таго, каб прафінансаваць берагаўмацаванне ў раёне сяла Кукары. Працы пачаліся нават на 5 дзён раней. Галоўная мэта ўмацаваць бераг так, каб нічога не змяняючы пакінуць Дняпро ў тым рэчышчы, дзе яно цяпер цячэ”.

Начальнік Упраўлення па надзвычайных сітуацыях выказаў упэўненасць, што працы закончацца паспяхова. А тэрыторыя Ўкраіны адназначна застанецца ўкраінскай.


Рэпартажы па тэме:
Дняпро рэгулярна адразае кавалкі Чарнігаўшчыны на карысць Беларусі!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі