Вы тут

“Уключаем на святы”: у Полацку Вечны агонь — зусім не вечны

Вечны агонь у Полацку / Суполка "Скарга. Полацк і Наваполацк"

Вечны агонь у Полацку апынуўся зусім не вечным. У сацыяльнай сетцы “ВКонтакте” з’явілася фота, дзе няма полымя каля помніка вызваліцелям.

Мясцовы краязнаўца Аляксей Бухавецкі распавёў Еўрарадыё, што Вечны агонь сапраўды запальваюць толькі ў святочныя дні.

“Вядома, павінен гарэць заўсёды, — гаворыць Аляксей Бухавецкі. — У савецкія часы дык гарэў, а цяпер не. Дэфіцыт ва ўсім, паўсюль стараюцца эканоміць. Людзі ў вайну гінулі за Айчыну, а сучаснае пакаленне не можа Вечны агонь уключыць. Толькі ў пэўныя дні. Вядома, сорамна”.

Вечны агонь у Полацку / Суполка "Скарга. Полацк і Наваполацк"

“Не задумвалася над гэтым пытаннем”

У аддзеле культуры Полацкага райвыканкама Еўрарадыё падцвердзілі, што запальваюць Вечны агонь толькі на дзяржаўныя святы.

— Ён пастаянна гарэць павінен? — пытаннем на пытанне адказала начальніца аддзела Наталля Ганебная. — Гарыць заўсёды на дзяржаўныя святы. Гэта шмат разоў на год. Апошні раз гарэў 11 красавіка — міжнародны дзень памяці ахвяр фашысцкіх канцлагераў. 23 лютага праводзім мітынг, 9 траўня, Дзень дзяржаўнага герба і сцяга… Заўсёды, калі праводзяцца патрыятычныя мерапрыемствы, запальваецца Вечны агонь.

— Але ж гэта Вечны агонь, — перапытваем мы. — Значыць, мусіць гарэць увесь час!

— Нават ніколі і не задумвалася над падаплёкай вашага пытання. Інфармацыя, што мы эканомім, у мяне няма. Колькі я працую, мы заўсёды ўключаем на святы. І да мяне так было.

"Брэсцкая крэпасць". Фота: festfoto.ru

Кошт пытання — 25 рублёў за суткі

Колькі каштуе Вечны агонь? Еўрарадыё звярнулася з гэтым пытаннем у ЖКГ Полацка.

“У нас два газафікаванных аб'екты: Вечны агонь на Кургане Неўміручасці і каля помніка Воінам-вызваліцелям, — распавядае Еўрарадыё дырэктар ЖКГ Аляксандр Міхалевіч. — Кошт паслугі, якую нам аказваюць газаўшчыкі, складае прыблізна 25 рублёў за суткі. Калі гэта 12 гадзін [на гэты час Вечны агонь запальваюць зараз у святочныя дні. —  Еўрарадыё], дык каля 15 рублёў. Задача, каб аб’екты гарэлі кругласутачна, перад нашай арганізацый не ставілася. Неяк у горадзе было прынята, каб Вечны агонь запальваўся толькі на пэўныя святы і мерапрыемствы”.

У Беларусі ёсць мемарыяльные комплексы, дзе Вечны агонь гарыць пастаянна.

“Вечны агонь і званы ў нас кругласутачна, — распавядаюць Еўрарадыё ў Хатыні. — Калі толькі тэхнічная памылка адбываецца, дык можа знікнуць. Але ўсё выпраўляецца”.