Удзельнікі "Славянскага гей-прайда" чакаюць суду ў ізалятары на Акрэсціна

У Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў Мінску знаходзяцца затрыманыя ўдзельнікі несанкцыянаванага шэсця ў рамках форума "Славянскі гей-прайд 2010", якое адбылося ўчора на вуліцы Сурганава ў беларускай сталіцы. У панядзелак над імі мусяць адбыцца суды.  Як паведамляе БелаПАН, падчас акцыі было затрымана 8 чалавек (паводле іншых звестак, іх 7), у тым ліку двое расіян. Яшчэ чацвёра чалавек былі затрыманыя пазней ў адным з рэстаранаў "для высвятлення асобаў". У Савецкім РУУС іх сфатаграфавалі, узялі адбіткі пальцаў і праз тры гадзіны адпусцілі без складання пратаколаў.

Нагадаем, у несанкцыянаванай акцыі ўзялі ўдзел каля 30 чалавек. "Славянскі гей-прайд" прайшоў некалькі дзесяткаў метраў па ходніку вуліцы Сурганава. Удзельнікі шэсця з 12-метровым вясёлкавым сцягам скандавалі: "Не гамафобіі!", "Роўныя правы без кампрамісаў!", "Гамафобія — гэта хвароба!". Яны правялі кароткі мітынг, пасля чаго паспрабавалі прайсці далей, у бок вуліцы Батанічная, але былі спыненыя спецназаўцамі.

Глядзі таксама: У Мінску разагнаны "Славянскі гей-прайд 2010" (відэа)

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі