U2 забракавалі матэрыял новага дыска

Выхад новага доўгачаканага альбома ірландскіх рокераў U2 можа быць адкладзены на нявызначаны тэрмін. Першапачаткова музыкі заяўлялі, што пацешаць сваіх прыхільнікаў новым рэлізам ужо сёлета - аднак нядаўна прызналіся, што гэтага, мабыць, не здарыцца.

Як стала вядома, чацвёрка забракавала ўсе запісаныя да гэтага моманту трэкі для будучага дыска і пачала працу з чыстага ліста. Такім чынам, у сметніцу былі адпраўленыя вынікі гадавой працы ў студыі.

Аднак прыхільнікам не варта адчайвацца: па словах гітарыста U2 Эджа, цяпер музыкі адкінулі ўсе свае другарадныя справы і з галавой паглыбіліся ў студыйны працэс, спрабуючы нагнаць змарнаваны час.

«Да гэтага моманту мы пераважна сноўдаліся па студыі і гультайнічалі, - гаворыць Эдж. – Абмяркоўвалі розныя ідэі і, увогуле, не надта задумваліся над тым, што жадаем атрымаць у выніку. Цяпер мы мабілізаваліся і ўзялі сябе ў рукі – і праца нарэшце закіпела сур'ёзна, што не можа нас не радаваць».

Нагадаем, што апошні на сёння студыйны альбом U2 «How To Dismantle An Atomic Bomb» пабачыў свет яшчэ ў 2004-м годзе.

Фота: www.daymusic.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі