Вы тут

У ЗША лічаць, што сітуацыя з рэлігійнай свабодай у Беларусі значна пагоршылася

Сілавікі ў балаклавах каля Чырвонага касцёла ў Мінску ўлетку 2020-га / Еўрарадыё

За апошні год сітуацыя з рэлігійнай свабодай у Беларусі значна пагоршылася, заяўляе Федэральная камісія ЗША па міжнароднай рэлігійнай свабодзе (USCIRF) у сваім дакладзе.

У суправаджальнай запісцы да дакладу гаворыцца, што пасля шырокіх антыўрадавых пратэстаў 2020 года ўлады прынялі жорсткія рэпрэсіўныя меры супраць грамадзянскай супольнасці. Гэта паўплывала і на ўмовы рэлігійнай свабоды. 

"З тых часоў рэжым Аляксандра Лукашэнкі праводзіў чысткі ў дачыненні да католікаў і праваслаўных хрысціян, духавенства, якое крытыкавала яго аўтарытарную тактыку, ладзіў рэйды на каталіцкія і пратэстанцкія набажэнствы і публічна прапагандаваў антысеміцкія змовы і рыторыку", — адзначаюць аўтары.

У дакладзе згадваецца, напрыклад, сітуацыя з каталіцкім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, якога не пускалі ў Беларусь нягледзячы на тое, што ён мае беларускае грамадзянства. Пазней ён сышоў у адстаўку. Адзначаная і адстаўка мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Паўла, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.

Дарэчы, кіраўнікі і Праваслаўнай, і Каталіцкай цэркваў публічна асудзілі гвалт пасля выбараў. Гэта выклікала рэзкае незадавальненне з боку Аляксандра Лукашэнкі. 

А два святары (праваслаўны Сяргей Лепін, і каталіцкі біскуп Юрый Касабуцкі) атрымалі папярэджанні Генпракуратуры за тое, што асудзілі разгон мірнай акцыі ў памяць пра загінулага Рамана Бандарэнку.

USCIRF — незалежная двухпартыйнай камісія федэральнага ўрада ЗША. Яна адсочвае выпадкі парушэнні рэлігійных свабод ва ўсім свеце і дае рэкамендацыі прэзідэнту, дзяржсакратару і Кангрэсу ЗША.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.