Палітзняволенаму рэдактару "Ежедневника" Сяргею Сацуку адміністрацыя магілёўскага СІЗА адмаўляецца выдаваць неабходныя кардыялагічныя прэпараты. Пра гэта ён напісаў у лістах на волю, паведамляе БАЖ.
Сваякі Сацука атрымалі ад яго два лісты запар з СІЗА турмы №4 Магілёва. Там ён чакае вынікаў апеляцыі, пададзенай у Вярхоўны суд.
У лістах журналіст піша, што па-ранейшаму не мае неабходнай колькасці таблетак, таму ш яго пачынае “сваволіць” сэрца.
Сваякі Сацука расказалі і пра іншыя ягоныя праблемы са здароўем, якія абвастрыліся за кратамі: “Моцна захварэў, паднялася тэмпература, і абвастрыўся гаймарыт. Піша, што гэтым разам прыхапіла грунтоўна. Але толькі калі адкрыўся рэзкі кашаль, лекар даў антыбіётык і нават дазволіў два дні пасцельнага рэжыму — само па сабе небывалае паслабленне".
Па іх словах, у Сяргея таксама быў прыступ мярцальнай арытміі, бо, эканомячы таблеткі, якія заканчваюцца, ён ужывае толькі палову неабходнай дозы. А лекі, дасланыя блізкімі, яму не аддаюць.
Акрамя таго палітвязня з невядомых прычын рэгулярна перакідваюць з адной камеры ў іншую. Не перадаюць яму большую частку лістоў ад родных.
Сяргей Сацук асуджаны на восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі вінаватым па трох крымінальных артыкулах: “атрыманне хабару” (арт. 430 КК),“распальванне варажнечы” (арт. 130 КК), “перавышэнне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў” (арт. 426 КК).
Калегі мяркуюць, што крымінальны пераслед Сацука звязаны з журналісцкімі расследаванямі, якімі ён займаўся. У прыватнасці, ён пісаў пра карупцыю ў медыцынскай сферы.