Вы тут

У забойстве беларускага падлетка ў Швецыі падазраюць яго блізкага сябра

Пётр Плакс / expressen.se

У забойстве 16-гадовага Пятра Плакса падазраюць яго блізкага сябра. Пра гэта ў каментары парталу TUT.by распавёў бацька забітага падлетка — беларускі журналіст і пісьменнік Дзмітрый Плакс, які жыве з сям'ёй у Швецыі. 

Аб прычынах забойства пакуль нічога не вядома, следства працягваецца. 

"Нам невядома, ці быў паміж імі канфлікт, які псіхічны стан нападніка. Мы нават не можам пакуль казаць, што злачынства здзейсніў менавіта ён, гэта павінна ўсталяваць следства. Падлетак затрыманы", — распавёў Дзмітрый Плакс.

Злачынства адбылося 2 жніўня. Паведамлялася, што Плакса-малодшага забілі сякерай. Пасля гэтага падазраваны нібыта сам затэлефанаваў у паліцыю і прызнаўся ва ўсім. Пятра Плакса знайшлі з чэрапна-мазгавымі траўмамі, даставілі на верталёце хуткай дапамогі ў лякарню, але выратаваць не здолелі.

Бацька распавёў, што Пётр займаўся музыкай, граў на фартэпіяна, хацеў стаць прафесійным музыкам. Акрамя таго падлетак захапляўся псіхалогіяй.

Незадоўга да трагедыі хлопец разам з мамай наведваў Мінск, каб пабачыцца са сваякамі і сябрамі.