У высокай беларускай інфляцыі вінаваты Еўрасаюз?

Інфляцыя ў гэтым годзе складзе 12%, лічыць эканаміст Аляксандр Чубрык. А намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур у высокіх тэмпах беларускай інфляцыі абвінавачвае Еўрасаюз і Расію.
Нагадаю, днямі Андрэй Тур выказаў упэўненасць, што ўрад здолее ўтрымаць рост цэнаў на ўзроўні 8% за год. І гэта нягледзячы на тое, што за тры першыя месяцы года інфляцыя ўжо склала 4,1%.

Ёсць толькі адзін спосаб гэтага дамагчыся, кажа эканаміст Аляксандр Чубрык, — намаляваць такую лічбу. Але ж гэта не значыць, што інфляцыя стане ніжэйшая. Для таго, каб выканаць паказчык у 8%, інфляцыя за месяц павінна складаць менш за палову адсотка:

“Тур казаў пра тое, што ўжо загадзя вядома, што немагчыма. На дадзены момант няма ніякіх перадумоваў для таго, каб казаць, што мы ўкладземся ў інфляцыю 8%. За тры месяцы 4%... Значыць і за 9 месяцаў павінна быць таксама 4%. Няцяжка падлічыць, што ў такім выпадку цэны павінны павялічвацца менш за палову адсотка за месяц. Гэта немагчыма ў беларускіх умовах”.

Тым часам у Міністэрстве эканомікі ўжо сабралася цэлая чарга жадаючых павысіць цэны на сваю прадукцыю. Калі задаволіць усе іх патрэбы, то інфляцыя “падскочыць за 20%”, кажа Аляксандр Чубрык:

“Калі задаволіць усе заяўкі, якія цяпер ёсць у Мінэканомікі на павышэнне закупачных цэнаў, то інфляцыя падскочыла б за 20%. Я лічу, што ў гэтым годзе яна будзе прыкладна на тым самым узроўні, што і мінулагодняя – гэта 12%. Ніжэй дакладна не будзе”.

Але намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур упэўнены ў тым, што падставаў для хвалявання няма. Гэта звычайная сітуацыя: на пачатку года інфляцыя заўсёды больш высокая. Па яго словах, адзінае што нам можа пагражаць — гэта нестабільная эканамічная сітуацыя ў Еўрасаюзе:

“Гэта аб’ектыўна, пакуль сітуацыя не сведчыць пра тое, што праблемы павінны быць. Хаця знешні контур даволі небяспечны. Я ўчора паглядзеў, у нас інфляцыя 4%, а ў Еўрасаюзе інфляцыя за першы квартал склала 3,6%. І гэта ў Еўрасаюзе! А ў расіян яшчэ большая – у іх здаецца 4,6%. Гэта таксама ўплывае...”

Ніякімі штучнымі спосабамі стрымліваць інфляцыю не будуць, запэўніў Андрэй Тур. А эканаміст Аляксандр Чубрык, кажа, што нават, калі б урад і паспрабаваў гэта зрабіць, то ў яго нічога б не атрымалася. Бо прадпрыемствы у нас ужо навучаныя і ведаюць, як абыходзіць усе гэтыя рэгуляванні:

“Напрыклад, яны робяць новы нейкі тавар, такі самы, як і папярэдні ці можа нават горшы. Але ж гэта ўжо новы тавар і на новы тавар яны могуць усталёўваць новую цану. Гэтым карысталіся вельмі шырока ў 1999-м годзе”.

Па словах эканаміста, адзінае, што можна зрабіць – гэта дазволіць вытворцам самім усталёўваць цэны. Бо цяпер з 4% інфляцыі, амаль палова – гэта тое, што зрабіў урад. Трэба, каб рынак сам усталёўваў цэны. Але нават пры такім раскладзе эфект будзе не адразу. І ўжо дакладна, што не сёлета:

“Я лічу, што ўрад ужо нічога не можа зрабіць для таго, каб гэта стрымаць. Адзінае, што ён можа зрабіць – не рэгуляваць цэны. Гэта дазволіць рынку хутчэй адаптавацца да новых умоваў. Але нават калі так, укласціся ў 8 адсоткаў у гэтым годзе не атрымаецца ні пры якім раскладзе”.

Па дадзеных Міністэрства статыстыкі і аналізу, у сакавіку цэны на тавары і паслугі выраслі на 4,1% у адносінах да снежня мінулага года. За гэты ж перыяд інфляцыя па жыллёва-камунальных паслугах склала 20,3%. Нагадаем, што летась, інфляцыя за год была роўная 12,1% пры прагнозе ў тыя ж 6-8%.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі