Вы тут

У вучняў слуцкіх школ мабільнікі забіраць не будуць

pixabay.com

У Слуцку не плануюць уводзіць забарону на мабільныя тэлефоны для вучняў. Настаўнікі толькі будуць папярэджваць, каб вучні не карысталіся імі падчас урокаў. Пра гэта піша "Інфа-Кур'ер" са словаў начальніка аддзела адукацыі Слуцкага райвыканкама Андрэя Нядзелькі

Чыноўнік патлумачыў, чаму ў раёне вырашылі не карыстацца такой мерай. "Па-першае, у нас няма столькі сродкаў і людзей, каб займацца ўсімі арганізацыйнымі пытаннямі. Па-другое, мы давяраем сваім навучэнцам. Мабільны тэлефон сёння ёсць у кожнага. І гэта асабістая справа кожнага. Мы не забараняем самі тэлефоны, а толькі просім не карыстацца імі падчас урока", — распавёў Нядзелька. 

Па яго словах, вучні не будуць здаваць мабільнікі, але павінны захоўваць іх у сябе ў партфелях. 

Барацьба з мабільнікамі ў вучняў пачалася пасля гісторыі ў Гомелі. Чацвёртакласнікі знялі на відэа, як настаўніца з партай у руках лаецца на вучня матам і пагражае яму. Відэа трапіла ў СМІ і атрымала шырокі розгалас, у справу ўмяшаўся нават кіраўнік дзяржавы. 

Пасля гэта ў школах вучням сталі забараняць карыстацца мабільнікамі, а асабліва — рабіць фота і відэа. У навучэнцаў патрабуюць здаваць тэлефоны перад пачаткам заняткаў. У Мінадукацыі паведамілі, быццам адпаведны загад пра забарону мабільных тэлефонаў быў выдадзены яшчэ ўвесну, але не паўсюль яго выканалі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.