У Віцебску прызналі невінаватай жанчыну, у якой памерла дзіця ў час хатніх родаў

У Віцебску прызналі невінаватай жанчыну, у якой памерла дзіця ў час хатніх родаў

У Віцебску прызналі невінаватай жанчыну, у якой памерла дзіця падчас хатніх родаў. 25 студзеня абласны суд прызнаў адсутнасць складу злачынства. Крымінальная справа разглядалася ў закрытым рэжыме. Сама Вольга Сцяпанава на абвяшчэнне судовага рашэння не з’явілася, яна знаходзіцца ў Расіі, паведамляе Радыё Свабода.

Як інфармавала Еўрарадыё, трагічнае здарэнне адбылося ў лютым мінулага года. 31-гадовая жанчына прыехала ў Беларусь з Санкт-Пецярбурга, каб нарадзіць дзіця. Ад шпіталізацыі адмовілася, вырашыла нарадзіць у Віцебску, дзе жыве яе маці, самастойна (сваё першае дзіця яна таксама нарадзіла дома самастойна). Аднак нованароджаная дзяўчынка наглыталася каляплодных водаў, лекары яе выратаваць не змаглі. З траўня Сцяпанава знаходзілася ў СІЗА. Па факце “прычынення смерці па неасцярожнасці” распачалі крымінальную справу. У жніўні 2017-га яе пачаў разглядаць суд Чыгуначнага раёна Віцебска. У верасні суд прызнаў Вольгу Сцяпанаву вінаватай у смерці дачкі (у прычыненні смерці па неасцярожнасці) і прысудзіў пазбаўленне волі на 6 месяцаў папраўчай калоніі-пасялення. Яна сваёй віны не прызнала.

Жанчына падала апеляцыю, справу накіравалі на паўторны разгляд. Ён у студзені 2018-га праходзіў у Віцебскім абласным судзе ў адсутнасць Сцяпанавай. Суд вынес пастанову аб тым, што жанчына мае права на кампенсацыю за маральныя і матэрыяльныя страты (за кратамі яна правяла 4 месяцы).

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі