Вы тут

У "віцебскіх Курапатах" невядомыя зламалі мемарыяльныя крыжы і пашкодзілі шыльды

Пашкоджаная шыльда з надпісам “Месца сталінскіх расстрэлаў” / racyja.com

У "віцебскіх Курапатах" невядомыя зламалі два мемарыяльныя крыжы і пашкодзілі шыльды з надпісам "Месца сталінскіх расстрэлаў", паведамляе racyja.com. Здарэнне адбылося каля вёскі Хайсы. Там на ўзлеску ўжо некалькі гадоў актывісты ствараюць народны мемарыял. Сляды дзейнасці вандалаў удзельнікі ініцыятывы “Хайсы — віцебскія Курапаты” пабачылі, калі прыехалі рабіць прыборку.

Два крыжы, каталіцкі і праваслаўны, стаялі паабапал дарогі ў лес, дзе сталінскія каты расстрэльвалі людзей. Крыжы былі зламаныя і кінутыя у гушчар. Актывісты іх там знайшлі і ўсталявалі на месца. У будучыні іх збіраюцца замяніць. Аднавіць давядзецца і шыльды. Удзельнікі ініцыятывы збіраюцца звярнуцца ў міліцыю з заявай, каб вандалаў знайшлі і пакаралі. Нешта падобнае было ў 2014 годзе, але тады зламыснікаў не знайшлі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.