У віцебскага прадпрымальніка за пазыку цягам двух гадоў адбіралі катэдж

Шыкоўны катэдж прыдбаў 40-гадовы віцебскі прадпрымальнік з дапамогай банкаўскага крэдыту. І нічога дзіўнага, калі б гэты спадар своечасова разлічыўся з пазыкай. Але ён не зрабіў нават аніводнага унёску ў кошт пагашэння пазыкі ў памеры 28 тысяч долараў. Банк, згодна з існуючымі правіламі, нейкі час дасылаў неплацельшчыку лісты да напаміны, але той на іх не зважаў. Страціўшы цярпенне, банкіры звярнуліся да праваахоўных органаў.
У 2004-м годзе суд вырашыў, што даўжнік павінен плаціць. А паколькі аніякай уласнасці, акрамя таго самага двухэтажнага катэджа, у яго не было, вырашылі прадаць маёмасць даўжніка. Высяляцца з катэджа неплацельшчык, як высветлілася, і не збіраўся.

Судовым выканаўцам дзверы не адчыняў, рабіў выгляд, што нікога няма дома. Калі ж пачалі разбірацца з неплацельшчыкам больш дакладна, высветлілася, што у 200-мятровай хароміне, дзе жыў сам прадпрымальнік, яго былая жонка ды сын, прапісана… ажно 11 чалавек.

Вельмі цікава мужчына распавядаў суддзям, якім чынам прапісанымі у яго катэджы апынуўся амаль дзесятак чужых людзей. Адзін, маўляў, добры сябра, якога выгнала жонка.

Ну, як не дапамагчы? Другая – дзяўчына-дзетдомаўка, яе шкада. Трэцяя – знаёмая з сяла, што хацела уладкавацца на працу у горадзе. І гэтак далей. Добры дзядзька шкадаваў усіх.

Пакуль міліцыянты ды судовыя выканаўцы хадзілі вакол дома, пакуль шукалі віртуальных “жыхароў” катэджу, ішоў час. Сям’я жыла ў двухэтажным доме, банк падлічваў страты. Суд нават двойчы выязджаў на месца, проста ў катэдж да неплацельшчыка.

Пакінуць на двары высокі суд ён не асмельваўся, затое яго жонка запіралася ў сваім пакоі на другім паверсе, і прымусіць яе выйсці не маглі нават міліцыянты. Зыск на карысць банку што муж, што жонка прызнаваць адмаўляліся.

Карагод вакол катэджу праваахоўныя органы ды банкіры вадзілі два гады. А калі нарэшце выселілі неплацельшчыка (дарэчы, прыгожа высялялі, са спецназаўцамі ў якасці грузчыкаў), высветлілася, што ён… нічога не страціў.

Лічыце самі: катэдж прадпрымальнік купіў на грошы, якія пазычыў у банка. Тры гады жыў у шыкоўным доме, не плаціў за камунальныя паслугі, ды яшчэ, мабыць, не за проста так прапісваў у “домік-церамок” усіх, хто прасіўся.

Маёмасць тым часам падарожала, і калі дом прадалі з аукцыёна, грошай хапіла, каб выплаціць крэдыт, запазычанасць перад камунальшчыкамі ды некалькі пазык, што наш герой набраў у прыватных асоб.

Усе засталіся пры сваім, акрамя, бадай што, судовага выканаўцы, які змарнаваў на упартага “кліента” час ды нервовыя клеткі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі