Вы тут

У Ваўкавыску за ўшанаванне паўстанцаў Каліноўскага асудзілі інваліда

Ваўкавыскі раённы суд аштрафаваў Віталя Гуляка на 7 мільёнаў 200 тысяч рублёў (40 базавых велічыняў). Такі прысуд яму вынесены за ўдзел у несанкцыяванай акцыі па ўшанаванні памяці паўстанцаў Каліноўскага, якая прайшла ў Свіслачы, перадае Радыё "Свабода".

Прысуд быў вынесены завочна. Гуляк — інвалід другой групы. Паводле яго словаў, СМС з запрашэннем на суд ён атрымаў, калі ляжаў у гродзенскім шпіталі, дзе яму рабілі аперацыю на назе. Гуляк паведаміў суду праз тэлефон, што знаходзіцца ў гіпсе і не можа прысутнічаць падчас разгляду справы.

Зараз ён знаходзіцца дома пасля аперацыі. Паведамленне аб прысудзе прышло яму поштай.

Дарэчы, за гэтую акцыю ўжо былі асуджаныя пяць актывістаў з Гродзеншчыны. Усіх іх аштрафавалі на розныя сумы — 1,8 млн да 7,2 млн рублёў.

Акцыя прайшла 31 кастрычніка 2015 года ў гарадскім пасёлку Свіслач і вёсцы Якушоўка, дзе было родавае гняздо Каліноўскіх.

Летась за ўдзел у акцыі па ўшанаванні памяці паўстанцаў 1863 года былі асуджаныя 18 чалавек.

Фота: svaboda.org