У Ванкуверы ідзе дождж, а снег на трасы прывозяць на верталётах

Ці прывезла наша зборная свайго кухара і колькі для беларусаў каштуе праезд па Ванкуверы.

Алімпійская вёска ўжо запоўненая, Еўрарадыё заспела ў штабе беларускай дэлегацыі Дзмітрыя Шычко якраз пасля таго, як ён праводзіў у гатэль міністра спорту і памочніка прэзідэнта. Алег Качан і Ігар Заічкаў толькі прыляцелі ў Ванкувер. Сёння яшчэ мусяць прыляцець хакеісты.
"Усе дабраліся. Паводле графіку заезд у нас ідзе. У поўным складзе біятлону, лыжных гонак, гарналыжнага спорту. Сёння пачынае папаўняцца спартоўцамі вёска ў Ванкуверы. Увечары а 21 гадзіне мы сустракаем каманду хакеістаў, яны прылятаюць з Вініпэгу. 14 чысла прыляцяць фрыстайлісты, 13-га — канькабежцы".
А ці будуць нашыя хакеісты з НХЛ жыць у алімпійскай вёсцы?
"Для ўдзельнікаў Алімпійскіх гульняў усе ўмовы адзіныя. Незалежна ад таго, НХЛ гэта ці іншыя клубы, дэлегацыя жыве толькі ў алімпійскай вёсцы".
Ці прыляцеў падтрымаць каманду хтосьці з артыстаў альбо чыноўнікаў?
"Учора прыляцеў міністр і памочнік прэзідэнта. Мы пазнаёмілі іх з тым, як працуе штаб, медыцынская група, з умовамі побыту. Зараз яны паехалі ў гатэль.
У алімпійскую вёску трапіць складана. Артыстаў няма. Сёння спартсмены займаюцца падрыхтоўкай да спаборніцтваў".
А хто жыве па суседстве з беларусамі?
"У нашым доме пражывае каманда Славакіі, Нямеччыны, Казахстана, сустракаемся, на бытавым узроўні размаўляем, абменьваемся навінамі. 
Тут вялікі дом шматкватэрны, таму кожная дэлегацыя не займае цалкам дом. Побач тут спартоўцы з Швейцарыі, Румыніі, Польшчы. Вёска вельмі кампактная і ўсе жывуць, як адна алімпійская сям'я".
Ці прывозіла беларуская алімпійская зборная свайго кухара?
"Тут ёсць сталоўка, там можна знайсці ежу на любы густ. Азіяцкую, вострую, еўрапейскую традыцыйную. Гэтага цалкам дастаткова".
Як спартоўцы перамяшчаюцца па вёсцы?
"Вёска кампактная. Транспартная сувязь — паміж месцамі пражывання і трэніровак ходзяць шатлы паводле раскладу, так называюць аўтобусы. Побач з алімпійскай вёскай ёсць метро. Можна паехаць у тую кропку, якая цікавіць. Для удзельнікаў Алімпійскіх гульняў праезд бясплатны. Можна ездзіць бясплатна на аўтобусе і метро".
Што на Алімпіядзе з надвор'ем?
"Мы знаходзімся тут з 28-га чысла. У самім Ванкуверы пастаянна плюсавая тэмпература. Перыядычна ідзе дождж. Тэмпература ад 6 да 10 градусаў цеплыні".
А ці не перашкодзіць гэта правесці спаборніцтвы, калі не будзе снегу?
"У Ванкуверы спаборніцтвы праходзяць у закрытых памяшканнях. Там, дзе мы ўдзельнічаем, — хакей з шайбай, бег на каньках хуткасны, канькабежны спорт. Ёсць праблемы з фрыстайлам. Але арганізатары запэўніваюць, што схілы будуць гатовыя. Яны пастаянна працуюць. Верталётамі дастаўляюць і скідваюць снег. Грузавымі машынамі падвозяць снег з тых раёнаў, дзе зараз халодна ў Канадзе".
Ва Ўістлеры, гэта 120 км ад Ванкувера, таксама плюсавая тэмпература сёння. Зранку ішоў дождж, пасля мокры снег пайшоў. Але снегу на трасах дастаткова, мяркую, для пачатку спаборніцтваў снег захаваецца".
У Канадзе вялікая беларуская дыяспара — мабыць, вы бачыліся з імі?
"У Канадзе — можа быць, але ў самім Ванкуверы, напэўна, кітайская дэлегацыя большая. А пакуль на гэта часу няма. Усе занятыя працоўнымі момантамі. Каманды рыхтуюцца да галоўных стартаў чатырохгоддзя. Ёсць дробныя траўмы, але нашыя медыкі хутка іх аднаўляюць".