Вы тут

У свеце неспакойна: талібы забараняюць серыялы, а ў Расіі вельмі дарагая ікра

Кароткі агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

У Расіі падаражэла ікра — але ёсць навіны і горшыя. Чытайце іх у рэгулярным аглядзе Еўрарадыё.

Без серыялаў і школы

У 90-х пры Талібане жанчыны ў Афганістане не маглі атрымліваць адукацыю. Цяпер "Талібан 2.0" стварае  новыя правілы.

Новае кіраўніцтва тычыцца тэлебачання. Жанчынам, якія здымаюцца ў серыялах або выступаюць у ролі тэлевядучых, нельга з'яўляцца на экране з непакрытай галавой.

Таксама забароненыя фільмы, якія могуць супярэчыць прынцыпам шарыяту і афганскім каштоўнасцям. Забароненыя камедыйныя і забаўляльныя шоу, якія могуць абразіць афганцаў.

Талібан настойвае, што трэба спыніць трансляцыю замежных фільмаў, якія прапагандуюць замежныя культурныя каштоўнасці.

Калі што, вучыцца жанчыны і дзяўчынкі таксама пакуль не могуць. Талібы кажуць, што гэта часова — пакуль яны не змогуць гарантаваць бяспеку ў школах і ВНУ.

Джасціна Бібера просяць не ехаць у Саудаўскую Аравію

Нявеста забітага журналіста Джамаля Хашогі папрасіла Джасціна Бібера адмяніць свой канцэрт у Саудаўскай Аравіі. Ён павінен быць там хэдлайнерам на Формуле-1.

Джасцін Бібер / ukgreat

“Гэта ўнікальная магчымасць паслаць свету магутны сігнал аб тым, што ваша імя і талент не будуць выкарыстаныя для аднаўлення рэпутацыі рэжыму, які забівае сваіх крытыкаў”, — піша Хаціджа Джэнгіз у адкрытым лісце, які апублікавала Washington Post.

Журналіст Джамаль Хашогі знік пасля таго, як прыйшоў у пасольства Саудаўскай Аравіі ў Стамбуле. Ён збіраўся забраць дакументы, неабходныя для вяселля. Яго нявеста некалькі гадзін чакала яго ля ўвахода.

Пазней стала вядома, што група агентаў Саудаўскай Аравіі забіла журналіста, вядомага крытыкай каралеўства. Тут усё было адназначна: апублікавалі нават запіс перамоў забойцаў журналіста.

Наступнае пытанне быў у тым, ці датычны да гэтага наследны прынц. У справаздачы амерыканскай выведкі гаварылася, што ён ухваліў гэтую аперацыю. Міністэрства замежных спраў Саудаўскай Аравіі апублікавала заяву, у якой гаворыцца, што яно "цалкам адхіляе негатыўную, ілжывую і непрымальную ацэнку справаздачы".

Саудаўская Аравія правяла сваё расследаванне і вынесла пяць смяротных прысудаў па гэтай справе. "Рэпарцёры без межаў" упэўненыя, што гэтыя смяротныя прысуды пяцярым абвінавачваным могуць быць не правасуддзем, а спосабам схаваць праўду аб гэтай справе.

Як пасварыцца з Кітаем. Частка 2

У Літвы былі добрыя стасункі з Тайванем, буйным вытворцам лазераў, паўправаднікоў і іншых высокатэхналагічных тавараў. У рэшце рэшт адносіны сталі настолькі добрыя, што сапсаваліся адносіны з Кітаем.

Вільня дазволіла Тайваню адкрыць у сябе гандлёвы офіс. І назваць яго "Тайвань". Каб не злаваць Кітай, Тайвань трэба было назваць "Кітайскім Тайбэем". Але Літва не паслухалася, і цяпер замест кітайскага амбасадара ў яе ў краіне будзе ўсяго толькі кітайскі часовы павераны.

Цікава, што цяпер прадстаўніцтва Тайваня ў Літве стала яго першым дыпламатычным фарпостам у Еўропе за 18 гадоў.

Увогуле, Пекін лічыць, што Вільня такім чынам зрабіла замах на яго тэрытарыяльную цэласнасць. У Кітаі Тайвань лічаць часткай сябе. Назваць яго прама па імені — Тайвань — значыць намякнуць на яго суверэнітэт.

А ў Вільні запэўніваюць, што проста хацелі ўмацаваць гандлёвыя сувязі і нікога абражаць не збіраліся.

"У праграме нашага ўрада гаворыцца, што Літва хоча больш інтэнсіўных эканамічных, культурных і навуковых стасункаў з Тайванем. Але гэты крок не азначае якога-небудзь канфлікту або нязгоды з палітыкай "адзінага Кітая", — заявіла літоўская прэм'ерка Інгрыда Шыманіце.

ЗША ўжо прапанавалі Літве падтрымку ў супрацьстаянні Пекіну. Дарэчы, самі ЗША, хоць і падтрымліваюць гандлёвыя адносіны з Тайванем, прытрымліваюцца палітыкі "адзінага Кітая". Карацей, пасольства Тайваня там пакуль няма.

А ў Літве нібыта ўжо ёсць.

Ікра падаражэла

У Расіі цэны на чырвоную ікру пабілі гістарычны максімум. Кажуць, віной узрослы кошт транспарціроўкі з Далёкага Усходу. І ажыятаж.

Кошты — максімальныя за ўсю гісторыю назіранняў. За апошнія 20 гадоў ікра падаражэла ў сем разоў!

Не расстройвайцеся, але да новага года цэны наўрад ці ўпадуць / pixabay

І гэта пры тым, што ў гэтым годзе пасля крызіснага 2020-га вырасла здабыча ласосевых. Гэта значыць, у коштаў наогул не было падставы так хутка расці — хіба што лагістыка ў гэтым годзе моцна падаражэла.

Прычым у саміх рыбакоў на Далёкім Усходзе рознічныя цэны падаюць. Дабіраюць яны ўжо "па шляху".

Такім чынам, раней, чым скончацца навагоднія святы, чакаць падзення коштаў на ікру не варта. Спадзяемся, мы вас не расстроілі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.