У суботу трэнера зборнай па футболе не выберуць

Як даведалася Еўрарадые, такога пытання няма ў парадку дня пасяджэння федэрацыі футбола Пасля адстаўкі Юрыя Пунтуса ў чэрвені з пасады галоўнага трэнера Беларусі, уся краіна гадае, хто будзе яго пераемнікам. Спачатку прызначанае на 7-га чэрвеня пасяджэнне выканкама федэрацыі ў Брэсце было перанесена на 14-га.

Меркавалася, што менавіта ў суботу будзе абвешчана імя новага трэнера зборнай. Аднак Сяргей Новыш, прэс-сакратар федэрацыі футбола нечакана паведаміў Еўрарадыё, што такога пытання ў Брэсце ўздымацца не будзе.

Першы пункт парадку дня пасяджэння - разгляд адстаўкі галоўнага трэнера Юрыя Пунтуса.

Дакладчык - Міхаіл Вяргеенка. Другі пункт - прызначэнне новага трэнера жаночай футбольнай зборнай. Далей нейкія гаспадарчыя пытанні. Гэта можа сведчыць аб тым, што Пунтус захавае сваю пасаду прынамсі да фінішу адборачнага цыклу.

Але ж ён ужо знайшоў сабе працу ў трэнерскім штабе футбольнага клуба МТЗ-РІПО. Відаць, футбольныя чыноўнікі так і не змаглі знайсці трэнера…

Аднак адзначым, што суботняе пасяджэнне будзе закрытым для журналістаў. Па словах прэс-сакратара, гэта пажаданне некаторых сябраў выканкама. На іх думку, цяжка разглядаць працоўныя пытанні пад прыцэлам відэакамер і дыктафонаў.

Сяргей Новыш: "Паседжанне выканкаму, згодна з рэгламентам, не з’яўляецца публічным. У суботу прэса не запрашаецца, таму што ў парадку дня зашмат працоўных пытанняў, якія патрабуюць дэталёвага разгляду. Аднак гэта не азначае, што надалей на паседжанні выканкаму журналісты не будуць запрошаныя”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі