Вы тут

У Салігорску сабралі 1000 подпісаў супраць новай царквы, але БПЦ не здаецца

Новы мікрараён і месца для новага храма / petitions.by

Жыхары Салігорска за 4 дні сабралі 1 тысячу подпісаў супраць будаўніцтва царквы ў лесапарку побач з новым мікрараёнам №21. Ужо 12 жніўня петыцыя з гэтай нагоды будзе накіраваная ў Мінскі аблвыканкам і Салігорскі райвыканкам.

Яе аўтары сцвярджаюць, што ў горадзе ўжо зараз ёсць па адным прыходзе на кожныя 20 тысячаў насельніцтва, што з'яўляецца найвялікшым паказчыкам ва ўсёй Беларусі, таму яшчэ адна царква — тым больш у зялёнай зоне — не патрэбная.

“У нашым 100-тысячным горадзе гэта будзе ўжо дзявятая культавая забудова РПЦ, — распавядае Еўрарадыё мясцовая актывістка Наталля Трафімчук. — Навошта нам у горадзе столькі? Акрамя таго, яшчэ і пабудаваць плануюць у невялічкай лесапаркавай паласе, куды шмат хто ходзіць пагуляць. І гэты кавалачак зеляніны плануюць высекчы дзеля нікому не патрэбнай царквы”.

Аднак у БПЦ адмаўляцца ад будаўніцтва не збіраюцца. Еўрарадыё атрымала каментар са Слуцкай епархіі, да якой належыць Салігорск. Нам абяцаюць, што “праект будоўлі не прадугледжвае вырубку дрэў” і што новая царква “закрывае пытанне аб далейшым заснаванні праваслаўных прыходаў у межах горада”. А таксама паведамляюць, што зараз у горадзе дзейнічае толькі адзін праваслаўны храм — гарадскі кафедральны сабор, а за будаўніцтва храма ў мікрараёне №21 падпісалася 5 тысяч салігарчан.

Хто мае рацыю? Паспрабуем разабрацца ў пытанні.

Кафедральны сабор у Салігорску / sluck-eparchiya.by

Другі храм, сёмы ці дзявяты?

У петыцыі супраць будаўніцтва храма ў мікрараёне №21 сказана, што разам з Чыжэвіцкай царквой у Салігорску ўжо ёсць шэсць прыходаў БПЦ. Усяго ж, разам з, напрыклад, духоўна-адукацыйным цэнтрам у Чыжэвічах (там размяшчаецца прэс-цэнтр, тэлестудыя, канферэнц-зал, кліентам прапануюць правесці “мерапрыемствы ў гістарычных інтэр’ерах”, таму ў народзе гэтае месца называюць бізнес-цэнтрам) актывісты налічваюць у горадзе восем культавых забудоваў. 

Аднак Слуцкая епархія заяўляе, што на дадзены момант у Салігорску на 106 тысяч чалавек ёсць толькі адзін праваслаўны храм — гарадскі кафедральны сабор. Што праўда, праваслаўных рэлігійных абшчын (прыходаў) — пяць, і яшчэ ў двух з іх храмы ўжо будуюцца (іх адкрыццё чакаецца ў 2019 і 2020 гадах), а будаўніцтва яшчэ двух храмаў плануецца распачаць у бліжэйшым часе.

“Для параўнання: у Маладзечна (насельніцтва ~ 101 000 чалавек) 5 дзеючых праваслаўных храмаў, у Слуцку (~ 62 000) — 5 дзеючых храмаў, у Вілейцы (~ 28 000) — 3 дзеючых храма, у Нясвіжы (~ 15 000) — 2 дзеючых храма”, — зазначаюць у епархіі.

На карце Слуцкай епархіі ў Салігорску сапраўды абазначаная толькі адзін храм — той самы кафедральны сабор. Яшчэ адна — вельмі прыгожая Свята-Пакроўская царква 1808 года пабудовы — працуе ў Чыжэвічах. Вёска ўшчыльную прымыкае да горада, шмат хто даўно ўжо лічыць яе яго часткай, але фармальна гэта Салігорскі раён.

sluck-eparchiya.by

Але калі адкрыць раздзел “Салігорскае дабрачынне”, мы знойдзем там фотаздымкі з прыхода храма святой блажэннай Матроны Маскоўскай і з прыхода храма вялікапакутніцы Варвары. Інтэр’еры ў іх сціплыя ў параўнанні з кафедральным саборам, але і там, і там можна маліцца.

Такім чынам, ісціна, як заўжды, недзе побач. Чыжэвічы гэта не Салігорск, і фармальна лічыць тамтэйшыя культавыя пабудовы салігорскімі немагчыма. Але казаць, што ў вернікаў з Салігорска ёсць толькі адно месца для малітваў, і таму тэрмірова патрэбны дазвол на будаўніцтва яшчэ аднаго храма, таксама няправільна.

А што з грамадскім абмеркаваннем?

Праект забудовы новага раёна мусіць быць выстаўлены на грамадскае абмеркаванне. Гарадскія ўлады не сталі дапускаць парушэнняў і сапраўды зрабілі гэта — абмеркаванне пачалося яшчэ 18 ліпеня. Але грамадскасці пра пачатак абмеркавання паведаміць “забылі”. Мясцовыя жыхары даведаліся пра яго только 7 жніўня, калі Салігорскі райвыканкам размясціў адпаведную інфармацыю ў раённай газеце “Шахцёр”. 

Абмеркаванне праводзіцца ў кабінеце галоўнага спецыяліста па архітэктуры і добраўпарадкаванні выканкама Валянціна Стасюкевіча. Наталля Трафімчук падрыхтавала пытанні і пайшла да чыноўніка.

“Але, пачаўшы задаваць пытанні, я пачула дзіўны адказ пра тое, што каментаваць пакуль што нічога не будуць. А навошта тады абмеркаванні гэтыя ўвогуле? Адзінае, што атрымалася дазнацца, — гэта тое, што пабудаваць царкву папрасілі прадстаўнікі БПЦ. Але што ж гэта такое? Мы жывём у свецкай дзяржаве ці не?” — абураецца актывістка.

Атрымаць каментар у Салігорскім райвыканкаме ў Еўрарадыё не атрымалася. Нашым калегам з радыё “Свабода” пашанцавала больш:

“Мы прымаем усе заяўкі, гэта ўсяго толькі абмеркаванне, праект не зацверджаны. Будаўніцтва яшчэ не дазволілі. Магчымыя варыянты. Цяпер прымаюцца ўсе “за” і “супраць”, потым гэта будзе карэктавацца і зацвярджацца, — распавяла начальніца аддзела архітэктуры і будаўніцтва Салігорскага райвыканкама Святлана Макей. — Магчыма, яшчэ і адмовяць. Грамадскія абмеркаванні заканчваюцца 12 жніўня, а далей будзе горадабудаўнічая рада. Гэта толькі дэталёвы план”.

Такім чынам, грамадскае абмеркаванне праекта сканчаецца ў панядзелак, 12 жніўня. Пазней у жыхароў Салігорска больш не будзе магчымасці выказаць свае заўвагі. Але ў гэты ж дзень чыноўнікі атрымаюць петыцыю з подпісамі супраць будаўніцтва храма ў новым салігорскім мікрараёне №21.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.