Вы тут

У сацсетках смяюцца з “бульбянога заплыву беларускі” — хто гэтая дзяўчына?

Фота: Portrait Factory

На мінулым тыдні ў інтэрнэце завірусіліся здымкі, на якіх дзяўчына ў ружовым купальніку “плавае” ў полі, за што атрымлівае мех бульбы. Усё пачалося з твіта, аўтар якога падпісаў фотасэт наступным чынам “Беларусы, вядома, паехаўшы народ”.

З чаго ўсё пачалося.

Стэрэатып пра бульбу і беларусаў падштурхнуў карыстальнікаў зрабіць выснову: дзеянне фотасэту адбываецца ў Беларусі.

Раней гэты ж самы фотасэт вірусіўся сярод замежнікаў. Аднак там жартавалі не з беларусаў, а абмяркоўвалі мексіканскае возера Тэскока, якое пакутуе ад наступстваў пясчаных бур.

Як высветлілася, ”плыўчыха” і мясцовасць фотасэту не маюць ніякага дачынення ні да Мексікі, ні да Беларусі.

Самую раннюю публікацыю здымкаў у сеціве можна знайсці ў суполцы Portrait Factory у “Фэйсбуку”. У пасце, які датуецца 11 лістапада 2018 года, можна знайсці яшчэ некалькі здымкаў з таго сэту.

У публікацыі пазначанае і імя “плыўчыхі”: Агнешка Сурдэй. Дзяўчына — польская фотамадэль. Здымак з бульбай у руках нават стаяў у яе на аватарцы ў профілі ў “Фэйсбуку”. 

На пытанне Еўрарадыё, дзе быў зроблены фотасэт з бульбай, адміністратар суполкі Portrait Factory лаканічна адказаў: “W Polsce (У Польшчы. — Еўрарадыё)”.   

Сама мадэль на наш зварот не адказала.