У РФ пахавалі зняволенага, завербаванага "вагнераўцамі" і загінулага ва Украіне
У Петразаводску ў Карэліі пахавалі зняволенага, завербаванага "вагнераўцамі" і загінулага ва Украіне. Як піша zona.media, Яўгену Яроменку было 44 гады. У 2020-м ён быў асуджаны на 10 гадоў калоніі строгага рэжыму за вымагальніцтва. Яму заставалася адседзець яшчэ 8 гадоў. Пакаранне адбываў у Петразаводску.
Сваякі Яроменкі кажуць, што ў чэрвені ён паведаміў пра этап у іншы рэгіён Расіі. Пасля гэтага не выходзіў на сувязь. А 14 жніўня ў дом яго маці прыйшлі двое мужчын. Яны перадалі ёй пасведчанне аб смерці, выдадзенае "ўладамі" так званай "ЛНР". Па іх даных, Яўген Яроменка загінуў 24 ліпеня ў Бахмуце ў Данецкай вобласці ў баях з украінскімі войскамі. Цела прывезлі ў Петразаводск праз чатыры дні. За гэта пенсіянерцы давялося самой заплаціць прыватнаму кіроўцу. Праз некалькі дзён пасля пахавання ёй выплацілі кампенсацыю — 145 тысяч рублёў (2,4 тысячы долараў).
Пра тое, што прадстаўнікі "прыватнай вайсковай кампаніі Вагнера" займаюцца вярбоўкай зняволеных у калоніях, ужо было вядома. У кожнай пагаджаліся сто і больш чалавек. Завербаваныя пішуць прашэнні аб памілаванні. Яшчэ ў канцы ліпеня з'яўлялася інфармацыя пра загінулых ва Украіне з іх ліку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.