У Рэчыцы адмянілі буйны фэст цяжкай музыкі Metal Crowd

Буйны фэст цяжкай музыкі Metal Crowd, які 12 гадоў запар праходзіў у Рэчыцы, сёлета адменены. Як паведамілі арганізатары на афіцыйным сайце фэсту, яны "не дасягнулі адзінай думкі ў канцэпцыі канцэртнай праграмы (гуртоў, якія меліся выступіць) фестывалю з дзяржаўнымі органамі".

У каментары nn.by адзін з арганізатараў фэсту Сяргей Броўка не стаў называць канкрэтныя дзяржаўныя органы, якім не спадабаліся ўдзельнікі фэсту. "Па-мойму, і так зразумела, хто гэта курыруе, прозвішчы я называць не хацеў бы", — прыводзіць nn.by словы Броўкі.

У паведамленні арганізатараў пра адмену сёлетняга фэсту гаворыцца, што хутчэй за ўсё ў наступныя гады ён зменіць сваё геаграфічнае размяшчэнне. З гэтага можна зрабіць выснову, што менавіта мясцовыя ўлады Рэчыцы не дазваляюць праводзіць фэст. 

Раней Metal Crowd збіраў на сваёй сцэне гурты з 35 краінаў свету. Штогод за два дні фэсту на ім выступалі каля 40 гуртоў. Гледачы на выступы таксама прыязджалі не толькі з усёй Беларусі, але і з Украіны, Расіі, Польшчы ды краінаў Балтыі.