У Расіі пачынаюць судзіць украінскую лётчыцу Надзею Саўчанку

У чацвер, 30 ліпеня, у расійскім горадзе Данецк Растоўскай вобласці пачынаюцца папярэднія слуханні па справе ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі. Яе абвінавачваюць не толькі ў саўдзеле ў забойстве расійскіх журналістаў, але і ў незаконным перасячэнні ўкраінска-расійскай мяжы. Саўчанцы пагражае да 25 гадоў зняволення. Украінка паводзіць сябе мужна, віну не прызнае.

Надзея Саўчанка нарадзілася 11 траўня 1981 года ў Кіеве. Пасля школы атрымала спецыяльнасць мадэльера-дызайнера, год правучылася на журфаку, пасля чаго пайшла служыць па кантракце ва Узброеныя сілы Украіны. У 2004-2005 гадах у складзе роты ўкраінскага 72-га асобнага механізаванага батальёна ўдзельнічала ў міратворчай місіі ў Іраку. У 2009 годзе скончыла Харкаўскі ўніверсітэт паветраных сілаў, стала штурманам-аператарам верталёта Мі-24, служыла ў 3-м асобным палку армейскай авіяцыі ў Бродах. Надзея казала, што з дзяцінства марыла стаць лётчыцай.

У чэрвені 2014-га Надзея Саўчанка, як добраахвотніца, удзельнічала ў баях супраць баевікоў у складзе батальёна "Айдар" (пры гэтым заставалася дзейным афіцэрам Узброеных сілаў Украіны, мае званне старэйшага лейтэнанта). 17 чэрвеня яна выносіла з поля боя параненых каля пасёлка Металіст пад Луганскам, калі яе захапілі баевікі з батальёна "Зара". Апошнія планавалі абмяняць лётчыцу на палонных, але раптоўна перадумалі. Неўзабаве баевікі перавезлі яе ў Расію і перадалі расійскім спецслужбам (пра знаходжанне Саўчанкі ў Расіі, у следчым ізалятары Варонежа, стала вядома 8 ліпеня 2014 г.).

Расійскі бок сцвярджае, што Саўчанка, нібыта, сама перайшла мяжу і была затрымана па абвінавачанні ў гібелі 17 чэрвеня 2014-га каля Луганска пад абстрэлам расійскіх журналістаў Ігара Карнелюка і Антона Валошына (нібыта, украінка карэктавала мінамётны абстрэл). Саўчанка гэта абвергла. Улады Украіны заявілі, што ўкраінскую грамадзянку незаконна вывезлі ў Расію. Абарона Надзеі Саўчанкі сцвярджала, што яе падабаронная трапіла ў палон баевікоў яшчэ да таго, як загінулі журналісты.

У кастрычніку 2014 года на парламенцкіх выбарах Саўчанка была абрана ў Вярхоўную Раду Украіны па спісу "Бацькаўшчыны". Украінскі парламент абраў яе прадстаўніцай у Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы.

У Лефортаўскай турме ў Маскве Надзея Саўчанка трымала працяглую галадоўку пратэсту. З расіянамі яна размаўляе на ўкраінскай мове праз перакладчыка, апранае футболку з украінскім гербам.

У канцы студзеня 2015 года супраць Саўчанкі распачалі новую крымінальную справу — "за незаконнае перасячэнне мяжы".

Украінскія ўлады безпаспяхова спрабавалі дамагчыся вызвалення Надзеі Саўчанкі. З заклікам вызваліць украінку да ўладаў Расіі звярталіся ПАСЕ, Дзярждэпартамент ЗША, Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. Расійская "Новая газета" збірала подпісы пад зваротам да Пуціна з патрабаваннем вызваліць Саўчанку.

Фота: ria.ru