Вы тут

У Расіі баяцца нашэсця кукурузных жукоў з Беларусі і пагражаюць санкцыямі

Фота: nesvizh-news.by

У Расіі баяцца нашэсця заходняга кукурузнага жука (жука дыяброціка, Diabrotica virgifera virgifera Le Conte) з Беларусі. Яго радзімай з'яўляецца Паўночная Амерыка, у Еўропе гэтага жука ўпершыню зафіксавалі ў 1992 годзе, у нашай краіне — у 2009-м. Рассельгаснагляд 10 ліпеня выказаў заклапочанасць у сувязі з устанаўленнем у Беларусі ў 2017 годзе каранцінных фітасанітарных зонаў па жуку дыяброціку. Пра гэта расіяне даведаліся толькі ў ліпені 2018-га з інфармацыі, якую з Мінска перадалі ў даведнік па каранцінным фітасанітарным стане тэрыторый дзяржаў-удзельніц СНД.  

Згаданыя жукі харчуюцца выключна кукурузай. У Маскве падлічылі, што калі яны трапяць у Расію, эканамічныя страты складуць амаль мільярд рублёў за год. Рассельгаснагляд адзначае, што завоз жука магчымы наземным транспартам, з прадукцыяй, якая пастаўляецца ў РФ. Паколькі ў Беларусь пастаўляецца падкаранцінная прадукцыя з Польшчы і Украіны, дзе распаўсюджаны кукурузны жук, расійскі бок папярэдзіў адпаведныя беларускія службы аб неабходнасці забеспячэння фітасанітарнай бяспекі. Гэта датычыць і транспартных сродкаў, якія ідуць транзітам праз нашу краіну.

У выпадку, калі ж у Беларусі не будуць прымаць эфектыўныя фітасанітарныя меры, Рассельгаснагляд пагражае ўвесці часовыя абмежаванні ў адносінах прадукцыі, якая пастаўляюцца ў Расію з нашай краіны ці ідзе транзітам. Такую інфармацыю з ведамства накіравалі ў Еўразійскую эканамічную камісію.