Вы тут

У работах кіраўніка БРСМ БДУ знайшліся цэлыя абзацы з работ іншых аўтараў

Міхаіл Дзегцярэнка з экс-рэктарам БДУ Сяргеем Абламейкам / фота з сацыяльных сетак

У жніўні мінулага года кіраўнік пярвічнай арганізацыі БРСМ БДУ Міхаіл Дзегцярэнка ў эфіры тэлеканала СТБ разважаў пра палітычную сітуацыю ў краіне.

— Для Міхаіла літаратурны кумір — шатландскі паэт Роберт Бёрнс, які пісаў пра ўладу народа. Не пра тую, што на барыкадах, а пра тую, што радніць чалавека з яго зямлёй. Пра тое самае — Багдановіч і Купала. Хутчэй за ўсё, пра гэта і першасэнс лозунга "Жыве Беларусь!". Менавіта пра быць гаспадаром у сябе ў краіне, а не здавацца добрым для заморскіх лялькаводаў, — гаворыцца ў рэпартажы.

Але, падобна, бачанне творчасці Бёрнса і Багдановіча, якое сакратар БРСМ БДУ ў сваіх навуковых публікацыях выдае за ўласнае, яму зусім не належыць.

Рэч у тым, што як мінімум у трох работах за аўтарствам Міхаіла Дзегцярэнкі чытачы Еўрарадыё знайшлі плагіят. Напрыклад, у "Супастаўляльным аналізе твораў Р. Бёрнса" John Barleycorn: A Ballade" і М. Багдановіча "З песняў беларускага мужыка" цэлы сказ амаль слова ў слова — як у рабоце рускага філолага Кафанава. Толькі работа Кафанова была прысвечана Ясеніну, таму адрозненне ўсё ж ёсць. Замест Ясеніна ў Дзегцярэнкі Багдановіч і ўсё гэта перакладзена на беларускую мову. Спасылак на першакрыніцу ў тэксце Дзегцярэнкі няма.

— Стихотворение Есенина рисует картину гибели гуманистического мировосприятия, его лейтмотивом является жестокость, которую человек несёт в себе изначально,піша Кафанаў у 2012 годзе.

— Верш Багдановіча малюе карціну гібелі гуманістычнага светаўспрымання, яго лейтматывам з'яўляецца цяжкасць, якую чалавек нясе ў сабе першапачаткова праз усё зняважанае жыццё,аналізуе паэзію Багдановіча праз шэсць гадоў пасля выхаду тэксту Кафанава кіраўнік БРСМа.

Урывак з работы Сяргея Кафанава / Еўрарадыё

Што да Бёрнса, то тут паўтор на цэлы абзац.

— У вершы "Брус — шатландцам" (Scots, wha hae wi’ Wallace Bled. Bruces Address to His Army, 1794) Бёрнс апявае героіку патрыятычнай барацьбы. Верш стаў, па сутнасці, нацыянальным гімнам шатландцаў. Ён адрозніваецца духам свабодалюбства і барацьбы з тыранамі. Бёрнс славіць подзвіг герояў мінулага, Бруса і Уолеса, якія змагаліся за нацыянальную незалежнасць Шатландыі. Звяртаючыся да гераічнага мінулага з мэтай даць прыклад доблесці для сваіх сучаснікаў, Бёрнс апераджае тэматыку, характэрную для рамантызму,адзначаецца ў тэксце за аўтарствам Дзегцярэнкі (2020 год).

У курсавой рабоце, якая з'явілася ў інтэрнэце ў 2012 годзе, напісана тое самае, але па-руску:

— В стихотворении “Брюс — шотландцам” (Scots, wha hae wi'Wallace Bled. Bruce's Address to His Army, 1794) Бёрнс воспевает героику патриотической борьбы. Стихотворение стало, по существу, национальным гимном шотландцев. Оно отличается духом свободолюбия и тираноборчества. Бёрнс славит подвиг героев прошлого Брюса и Уоллеса, боровшихся за национальную независимость Шотландии. Обращаясь к героическому прошлому с целью дать пример доблести для своих современников, Бёрнс предваряет тематику, характерную для романтизма.

Яшчэ адзін тэкст — "Рэаліі ў паэтычных тэкстах Р. Бернса" — вельмі падобны да скарочанага перакладу работы філолага з Ліпецка Кашкаравай.

Этычны кодэкс БДУ гаворыць: "Кожны навучэнец у БДУ павінен... не дапускаць запазычанняў апублікаваных навуковых работ і вынікаў даследаванняў без адпаведных спасылак і выканання акадэмічных нормаў і патрабаванняў".

Выходзіць, гэтае правіла было парушана, а публікацыі Дзегцярэнкі занялі месца ў навуковых зборніках.

Еўрарадыё звязалася з Міхаілам Дзегцярэнкам, каб даведацца, у чым жа рэч. Пасля таго як мы выклалі сваё пытанне, сакратар БРСМа БДУ кінуў слухаўку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.