У пракуратуру паступіла больш за 30 заяваў па выбарчай кампаніі
14 верасня ў Генпракуратуры Беларусі прайшла працоўная сустрэча генпракурора Аляксандра Канюка з прадстаўнікамі місіі АБСЕ / БДІПЧ па назіранні за выбарамі прэзідэнта.
Як паведамляе сайт Генпракуратуры, у сустрэчы прынялі ўдзел кіраўнік місіі Жак Фор (Францыя), спецыяліст па прававых пытаннях Елісавет Караініду (Грэцыя), з беларускага боку — намеснік генпракурора Аляксей Лашын, кіраўнікі структурных падраздзяленняў Генпракуратуры, прадстаўнік Міністэрства замежных спраў.
Падчас сустрэчы генпракурор паведаміў, што ў органы пракуратуры паступіў 31 зварот, датычны выбарчы кампаніі. Заявы закраналі фармаванне выбарчых камісій, рэгістрацыю ініцыятыўных груп па зборы подпісаў і выкананне заканадаўства пры зборы подпісаў. З усіх заяваў толькі адна была прызнаная абгрунтаванай.
Раней у Генпракуратуры адбылася працоўная сустрэча з прадстаўнікамі місіі назіральнікаў ад СНД. У ёй узялі ўдзел кіраўнік штаба місіі назіральнікаў ад СНД Я.Слабада і чальцы Місіі назіральнікаў П.Юркевіч і Н.Курманаў.
Фота: sputnik.by і prokuratura.gov.by