У польскай Гдыні адгрукатаў Heineken Opener Festival

Учора у польскай Гдыні адгрукатаў Heineken Opener Festival, на якім выступілі больш за 50 клясных рокавых камандаў з усяе Эўропы. Эўрарадыё прапануе ўчорашняе жывое ўключэньне Мілы Коткі, якое зрабіў у сваім эфіры Віктар Чайкін.

Віктар Чайкін: — Фэстываль Heineken Opener Festival працягваецца, грукоча рок на аэрадроме Baby Dolly. І вось ён, доўгачаканы час, калі мы зьвязваемся зь Мілай Коткай, якая цяпер на фэстывалі і пазнаёміць вас зь ягонымі падзеямі, музычнымі ды ня толькі. Прывітаньне Міла, нястрымная і нястомная каляжанка. Што там і як там? Апошнія акорды або ўсё толькі пачынаецца?

Міла Котка: — Ведаеце, хаця сёньня апошні — трэці — дзень фэстывалю, уражаньне такое, што ўсё толькі пачынаецца. На трэці дзень прыехала болей людзей, чым на два першыя разам узятыя.

В.Ч.: — Як надвор’е, спрыяе?

М.К.:
— Надвор’е значна лепшае, чым учора, 30 чэрвеня, калі дождж ліў дзень і ноч, і ўсе танчылі ў лужынах бруду. Адчыніліся фэстывальныя брамы, і народ ідзе — каляровы, прыгожы, і пачынае чакаць, угадайце, каго?

В.Ч.: — Ну, напэўна, Б’ёрк?

М.К: — Угадалі! Хаця лабае вельмі файная ангельская каманда Block Party, шчыльны, якасны гук, усе падчэкваюць Б’ёрк.

В.Ч.: — Я вось хацеў у цябе адмыслова пра гук запытацца. Я быў на вулічным канцэрце ў Варшаве, мяне ўразіла якасьць гучаньня. Была нейкая асаблівая субстанцыя. Ведаеш, у Опэрным тэатры адзін гук, у хай-эндаўскай стэрэасыстэме — іншы, а тут быў увогуле ні на што непадобны. У нас у Беларусі на адкрытых пляцоўках звычайна ёсьць гучнасьць, а гуку няма. Дык вось, што за якасьць гуку і сьвятла на Heineken Opener Festival?

М.К.: — Моцныя калёнкі стаяць, я стаю за 300 мэтраў ад іх, аднак чуеце, што дабівае дасюль. А сьвятло вельмі якаснае, асабліва на галоўнай сцэне. Маніторы, экраны, пражэктары, такое ўражаньне, што марсіянскае шоў.

В.Ч.: — І як, сярод гэтай усёй прыгажосьці сьцягі беларускія не згубіліся?

М.К.: — Ой не, іх пабольшала толькі. Зьявіўся на фэстывалі ўжо цэлы беларускі намётавы гарадок. Беларусы зьбіраюцца, граюць на гітарах, пяюць NRM, я чула са свайго намёту “Паветраны шар”. І ўсе так дзіўна азіраюцца: на галоўнай сцэне вельмі важныя гурты граюць, а беларусы свой канцэрт паралельна ладзяць. Але цяпер і нашыя патроху высоўваюцца на Б’ёрк, якая будзе сьпяваць а 23-й. Чуеце, тут ладзяць ужо імправізаваны фэервэрк.

В.Ч.: — Ты, як спрактыкаваная фэстывальная бадзяжніца, што можаш сказаць пра асаблівасьці менавіта Heineken Opener Festival, ці здолеюць нашыя польскія суседзі падняць яго да ўзроўню сусьветна вядомых фэстаў, такіх як Sziget?Якая будучыня ў Opener’а?

М.К.: — Opener праходзіць сёлета 6-ы раз, а той жа Sziget — пятнаццаты. Трэба рабіць скідку на тое, што Польшча яшчэ толькі разьвіваецца ў эўрапейскім накірунку. Ім яшчэ трэба рабіцца больш дэмакратычнымі, свабоднымі і лепей ставіцца да гледачоў.


Другі дзень фэсту, вечар, 30 чэрвеня


Мара Нальшанская: — Мы нарэшце датэлефанаваліся да Гдыні, дзе тусуюцца нашыя карэспандэнты на Heineken Open Air Festival, размаўляць з намі будзе Дзяніс Васількоў, які ўжо вісіць на дроце і гатовы дзяліцца сваімі ўражаннямі. Прывітанне, Дзяніс.

Д.В.: — Прывітанне, Мара і паважаныя слухачы.

М.Н.: — Распавядзі, калі ласка, што зараз адбываецца на фэсце.

Д.В.: — Зараз на фэсце абстаноўка даволі ціхая й спакойная, таму што ўсе адыходзяць ад учорашняга. Проста феерычнае шоў. Быў вельмі вялікі дождж і ва ўсіх заліла намёты, каля сцэны заліла пляцоўку і яна нагадвала сапраўдную багну. Было даволі цяжка ня тое, што танчыць, а нават рухацца.

М.Н.: — Але табе спадабалася?

Д.В.: — Мне спадабалася настолькі, што я зняў увесь абутак і каўбасіўся ў гэтым брудзе.

М.Н.: — Дык распавядай, пад што ты каўбасіўся.

Д.В.: — Калбасіўся я пад Groove Armada. Яны пачалі свой выступ а 9ай. Потым былі славутыя старычкі Beastie Boys . Гэта было штосці з нечым. Яны зрабілі такое шоў. Адыгралі ўсе свае хіты.

М.Н.: — Што, напрыклад, гралі?

Д.В.: — Самае апошняе, што мне запомнілася – гэта " inter galactic ", ня ведаю, ці зможаш ты паставіць гэта нашым слухачам. Але гэта проста зрыў даху.

М.Н.: — Ну й няўжо на гэтым праграма скончылася? Ня веру.

Д.В.: — Не, не скончылася. Людзі чакалі галоўнага хэдлайнера мерапрыемства, якімі былі Muse. Яны мусілі пачаць свой выступ а 1ай гадзіне. Затрымаліся крыху. І выступ пачаўся недзе ў палове на другую. Трэба адзначыць, што было вельмі-вельмі холадна і вільготна, частка людзей пачала сыходзіць. Але самыя стойкія заставаліся і чакалі сваіх каралёў.


Другі дзень фэсту (субота, 30 чэрвеня, дзень)

Мара Нальшанская: — Паважаныя слухачы, нарэшце я дазванілася да Мілы Коткі, якая тусуецца на Heineken Open’er Festival у Гдыні. Міла, як там?

Міла Котка: — Прывітанне, так, я з вамі. На самой справе я яшчэ не тусуюся, а ледзь паспела даехаць.

М.Н.: — Распавядзі, што ты бачыш?

М.К.: — Вялізнае поле, аэрадром, агароджаны невысокім плотам, запоўнены людзьмі, намётамі і машынамі. А шостай раніцы сёння я прыехала ў Гдыню, а 9-й села на першы бясплатны аўтобус, які ехаў да фэстывалю, і вось я ўжо тут. Аказалася, што я да 16-й не магу патрапіць на фэст. Такім дзіўным чынам арганізавана, што я не магу падысці да галоўнай сцэны, на якой учора выступалі такія зоркі, нават памацаць яе не магу, ды і ў кэмп не патрапіш, калі няма рэзервацыі. Вось я і бадзяюся між агароджамі на аэрадроме.

М.Н: — Але на першы погляд, чым вылучаецца фэст? Арганізацыя як?

М.К.: — Яны стараюцца, але ў іх не заўжды атрымліваецца. Але цікава, што яны тут не прымаюць грошы, усе валюты — долары, злотыя — у спецыяльных абменніках можна абмяняць на купоны Heineken. 1 купон — 3 злотыя, і нават рэшты яны не могуць даваць, і трэба чагосьці дабіраць да 3 злотых.

М.Н.: — Атрымоўваецца нейкая асобная рэспубліка з беларускай, як мы ведаем, вуліцай. Ці ты ўжо сустрэла там беларусаў?

М.К.: — Стаяла і сумавала, што не магу нікуды трапіць і раптам чую: “Мілачка, прывітанне!”, і з усіх бакоў — “Мілачка, прывітанне”. Потым яшчэ падыйшла група беларусаў, так што я нават убок адыйшлася, каб не замінаць эфіру. На самой справе нас тут шмат і ўчора вечарам нават арганізатар адзначыў і павіншаваў беларусаў перад канцэртам з галоўнай сцэны.

М.Н.: — Дарэчы, пра канцэрты. Што цябе і нашых слухачоў сёння чакае?

М.К.: — Усе канцэрты адкрывае польскі гурт OSTR, я яго не ведаю, але палякі кажуць, што гэта ці не найлепшы ў Польшчы фрыстайл-гурт. Пабачым, паслухаем. А 21-й будуць граць электроншчыкі з гурта „Armada”, яго яшчэ летась запрашалі, але тады армаднікі не даехалі. Затое сёння яны могуць прэзентаваць свой новы альбом Sound Boy Rock, а 23-й гадзіне Beasty Boys, легендарны гурт, якога мала хто не ведае... І яшчэ ўначы будуць граць легендарныя спадары-брытанцы — гурт MUSE! А на сцэне, якая называецца Пляцоўка Талентаў, будзе граць Gentleman — быццам бы слынны нямецкі рэгі-гурт, але насамрэч гэта польскі аднайменны гурт. Дык вось MUSE мае сэнс чакаць апошнімі на галоўнай сцэне — са святлом, дымам, відэаінсталяцыямі, белым раялем на колцах, і апошняй будзе песня “Табун коней”. Чакаецца, што гэта будзе відаць з відэаманітораў!

М.Н.: — Прывітанне з Гдыні і чакайце навінаў з Heineken Open’er Festival!

Прыезд Еўрарадыё на фэст (пятніца, 29 чэрвеня, вечар)

Мара Нальшанская
: — Сёння на фэсце Heinecken OPEN AIR Festival прысутнічае наш карэспандэнт Дзяніс Васількоў. Здароў, Дзяніс, ты нарэшце дабраўся да Гданьска, што ты бачыш, як там атмасфера?

Д.В.: — Прывітаньне, Мара, прывітанне, шаноўныя слухачы Еўрарадыё. Я перадаю з аэрадрому Вabie Doly. Атмасфера цудоўная, беларусаў прыехала шмат на фэст. У нас ёсьць цэлая беларуская вуліца на фэстывалі, тут і беларускі сцяг, і беларускія хлопцы і дзяўчаты.

М.Н.: — Скажы, хто цяпер грае, колькі ўвогуле там сцэнаў?

Д.В.: — Я прабегся па сцэнах і па падсцэннях, іх агулам тры. На галоўнай з іх, цяпер, на 23 гадзіну мінскага часу грае Sonic Youth, яны акурат заканчваюць сваю дзвюхгадзінную праграму.

М.Н.: — Ты б параіў туды ехаць нашым слухачам?

Д.В.: — Ды вы, шаноўныя слухачы, вельмі няправільна паступілі, што не паехалі на гэты фэст, тут проста супер!

М.Н.: — Ну, што ж ты ўжо так пра нашых слухачоў, можа яны і паехалі?

Д.В.: — Сапраўды паехалі, я тут сустрэў нямала нашых слухачоў, яны вельмі, дарэчы, добра адгукаліся пра нашае радыё.

М.Н: — Што ж, Дзяніс, пакуль аглядайся там на фэсце, пі сваё піва, мы з табой яшчэ зьвяжамся, а вас шаноўныя слухачы, папрашу не пакідаць нас. Дарэчы. на сваім блёгу ў ЖЖ nalshanskaja я задала пытаньне: "Які музфэст вы лічыце найлепшым" і чакаю адказу. Заўтра аб 11 раніцы я цэлую гадзіну агучваю вашыя адказы, якія, спадзяюся, вы мне дашлеце ў комэнтах. Гэта Еўрарадыё і я, Мара Нальшанская.






Даведка Еўрарадыё

Фэст: Heineken Open’er Festival
Даты: 29 чэрвеня - 1 ліпеня 2007 года
Месца: Гдыня, Польшча (Gdynia, Polska)
Афіцыйны сайт: www.opener.pl



Open'er Festival
— музычны фэст, які праходзіць у Гдыні — прыморскім горадзе на поўначы Польшчы. Фэст адносна малады, першы раз яго зладзілі ў Варшаве ў 2002 годзе. Потым спонсарам фэсту стаў Heineken — і фэст перанеслі ў Гдыню, на ўзбярэжжа Балтыйскага мора.
Хэдлайнерамі сёлетняга фэсту будуць Beastie Boys, Bjork, Muse, The Roots, Sonic Youth, Bloc Party, LCD Soundsystem, Groove Armada, Dizzee Rascal, Laurent Garnier, Crazy P, The Strike Boys i Freeform Five.

Хо-хо! Еўрарадыё таксама едзе на фэст! Міла Котка, Дзяніс Васількоў і Алег Мілевіч будуць самааддана адрывацца пад музыку ўсіх гэтых зорак, каб распавесці вам, паважаныя слухачы і наведнікі сайту, пра фэст, якіх Беларусь яшчэ не бачыла! Сачыце за нашым эфірам і сайтам!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі