У Польшчы журналісты маюць права фатаграфаваць нават вайсковыя аб’екты

А чыноўнікі ды прадстаўнікі дзяржаўнай улады лічацца з тым, што журналіст — асоба недатыкальная
Пра гэта Еўрарадыё распавёў журналіст “Польскага радыё для замежжа” Войтэк Цэгельскі. Ён і яго польскія калегі з 1990-га году не памятаюць аніводнага выпадку забароны ўдзелу ў публічных мерапрыемствах, а тым болей выпадкаў збіцця журналістаў дзяржаўнымі асобамі.

Войтэк Цэгельскі: “Ад 1990-га году ў Польшчы няма звычаю, каб забараняць журналістам у чымсьці удзельнічаць альбо каб журналіст быў пабіты”.

Польскі ўрад разумее, што СМІ неабходныя для нармальнага функцыянавання грамадства, а таму і абмежаванняў на журналісцкую працу застаецца ўсё меней.

Войтэк Цэгельскі: “Забарона фатаграфавання існуе, але яна датычыцца вельмі невялікай часткі публічнага жыцця. Нават нейкі час таму Міністэрства абароны адмяніла забарону фатаграфавання розных ваенных прыстасаванняў”.

Паводле слоў спадара Цэгельскага, кожны чыноўнік у іх краіне ведае, што журналіст — асоба, бадай, недатыкальная. Усе дбаюць пра стварэнне адпаведных умоваў працы журналістам.

Войтэк Цэгельскі: “Асобы, якія ўдзельнічаюць у публічным жыцці, альбо працаўнікі ўсялякіх службаў бяспекі, як паліцыя, войска, ведаюць, што журналіст ў пэўным сэнсе ў такіх месцах як, напрыклад, дэманстрацыя — гэта публічная асоба, асоба, якая выконвае сваю працу, і яна ў нейкім сэнсе недатыкальная”.

Але калі ўсё ж нейкія праблемы ў працы журналістаў з’яўляюцца, польскае заканадаўства, так сама, як і заканадаўствы іншых еўрапейскіх краінаў, маюць адпрацаваную сістэму абароны парушаных інтарэсаў. Таму кожны журналіст можа дамагацца праўды праз суд.

Войтэк Цэгельскі: “У “старым” Еўрасаюзе і “новым” Еўрасаюзе існуюць нормы, а таксама моцна развітая судовая сістэма. Нават калі журналісту адмаўляюць ва ўваходзе куды-небудзь альбо ў доступе да нейкіх матэрыялаў, то журналіст можа паскардзіцца. І ў большасці выпадкаў ён выйграе такую справу ў судзе”.

Між тым  старшынства Еўрасаюза заклікала беларускае кіраўніцтва даць журналістам нармальна выконваць свае абавязкі. Заява з’явілася пасля разгону мірнай дэманстрацыі, якая адбылася ў Мінску 16-га верасня.

Падчас акцыі салідарнасці супрацоўнікі спецслужбаў абступілі журналістаў, якія асвятлялі мерапрыемства, і не давалі ім выконваць сваю працу.


Фота — Хартыя'97

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі