У Польшчы правяраюць IT-кампаніі, якія выдавалі беларусам візы па праграме PBH

Віза, ілюстрацыйнае фота

Віза, ілюстрацыйнае фота / migratop.com

Польскае агенцтва інвестыцый і гандлю пачало праверкі ў IT-кампаніях, якія прыцягвалі замежных работнікаў па візавай праграме PBH (Poland Business Harbour), піша Most са спасылкай на польскія СМІ.

Палякі высвятляюць, ці выкарыстоўваліся па прызначэнні выдадзеныя візы. Гаворка пераважна ідзе пра беларусаў, якія часцей за ўсё станавіліся ўдзельнікамі праграмы.

Праграму PBH ст варылі ў 2020 годзе, каб прыцягнуць у Польшчу спецыялістаў і тэхналагічныя кампаніі з постсавецкіх краін, перш за ўсё — Беларусі. Праграма ўключала выдачу нацыянальнай візы D23, юрыдычную падтрымку пры пераездзе, дапамогу ў кантактах з органамі самакіравання, СЭЗ, інвестарамі, а таксама гранты. Напрыканцы студзеня 2024 года Польшча закрыла праграму. Як заяўлялі ў МЗС краіны, яна не апраўдала надзей. Адбылося гэта ўсё на фоне візавага скандалу ў Польшчы.

Ужо на пачатку праверкі выявіліся істотныя разыходжанні ў звестка розных ведамстваў. Згодна са статыстыкай МЗС, Польшча з 2020 года выдала толькі беларусам 93 046 віз PBH. А Памежная служба сведчыць, што з 2020 года па візах PBH прыехалі толькі каля 15 тысяч чалавек усіх нацыянальнасцяў. Летась, напрыклад, па гэтых візах у Польшчу прыехалі 2184 беларусы, 110 расіян, 12 грузінаў і яшчэ 114 грамадзян іншых краін.

30 польскіх IT-кампаній паведамілі агенцтву інвестыцый, што візы PBH праз "бізнес-шлях" атрымалі 13,6 тысячы спецыялістаў. Прычым 9,5 тысяч з іх пераехалі ў Польшчу, а 8,4 тысячы таксама падалі дакументы на часовы від на жыхарства.

Агенцтва яшчэ чакае інфармацыю ад іншых кампаній, якія ўдзельнічалі ў праграме. У СМІ адзначаюць, што не ўсе ўладальнікі віз PBH падавалі заявы па так званым "бізнес-шляху", а таксама — што статыстыка не ўлічвае членаў сем'яў спецыялістаў. Па ацэнках польскіх СМІ, колькасць членаў сем'яў можа складаць 40% ад колькасці работнікаў.

Дарэчы, зацікавіліся ў Польшчы і іншымі візамі, выдадзенымі беларусам. Ад жніўня 2020-га Польшча выдала грамадзянам нашай краіны больш за 53 тысячы гуманітарных віз, і ў шэрагу выпадкаў працэс быў некантралюемым.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі