У Полацку нарадзіўся новы музычны фестываль

Музыкі адзначылі  нараджэнне новага музычнага фестывалю “Полацкі  сшытак”. Квіткі на канцэрт разышліся за паўгадзіны да пачатку і не ўсе жадаючыя трапілі на фестываль. Полацк добра памятае фестываль “Рок-Кола”, які  прыдумаў і арганізаваў легендарны палачанін Сяргей Анішчанка. Гараджане завуць яго “Аніса”. Вакол “Рок-Кола” заўсёды было шмат праблем і складанасцяў, бо займацца культурнымі праектам на перыферыі, лічыць Аніса, —гэта гора. Пасля кожнага “Рок-колаАнішчанка публічна заяўляў, што “гэта быў апошні раз. У мяне скончыліся сілы і імпэт”, але, пасля паўзы ў год “Рок-Кола” змяніў фальклорны фестываль “Полацкі сшытак”.



Сяргей Анішчанка мае найлепшую рэпутацыю ў фестывальных колах і  таму “Полацкі сшытак” прыехалі падтрымаць адны з самых сур’ёзных фольк-гуртоў Беларусі – Акана, Стары Ольса, Нагуаль, Палац і пераможца былога “Рок-Кола”, расійскі гурт Абвиотура.



“За ўсё жыццё , с 78 году я на сцэне, ні адзін музыка не адмовіў мне ў супрацоўніцтве. Мне гэта вельмі прыемна.Але, у якім стылі б не праходзілі фестывалі, варта думаць пра шоу-бізнес, спрабаваць яго развіваць.

Я вам шчыра прызнаюся, што я не ведаю, акрамя гэтых гуртоў, нікога. Каб не нашы “Фляус і Кляйн”, я б дагэтуль думаў, што Руся працуе  з Indiga, і што няма ніякай “Аканы”. Яшчэ мяне пазнаёмілі з творчасцю гурта “Ліцвін Троль” і я планую запрасіць і яго”, - расказаў нам Аніса.



Удзел такіх вядомых гуртоў у “Полацкім сшытку”, гэта хутчэй сяброўскі крок, а не камерцыйны, бо, нягледзячы на поўную залу ,фінансавы бок фестывалю так і застаўся самым слабым бокам праекту:

“Мы баяліся, што не прададзім квіткі. Нам прапаноўвалі, маўляў,давайце квіткі прадаваць не будзем, а загонім людзей, як на канцэрты нашых эстрадных зорак. Прададуць васемнаццаць квіткоў, а астатніх “заганяюць”. Мы адмовіліся. Усе людзі, якія сёння прыйшлі на канцэрт, яны прыйшлі самі. Іх не прыгналі”.



Сябры Анісы, як сказаў Алег Хаменка, сталі “не толькі сябрамі, але і ўмоўнымі хроснымі бацькамі новага дзіцяці, фестывалю “Полацкі сшытак”” і дадаў, што Полацк — гэта найлепшае месца для фолькавых фестываляў:

“Безумоўна, я лічу, што менавіта Полацк павінен прыняць рокавыя і фолькавыя фестывалі, таму што, Віцебск узяў на сябе больш папсовую сцэну. З другога боку,беларуская дзяржаўнасць пайшла менавіта з гэтай зямлі. Тут, кожны камень, кожная рачулка — гэта гісторыя, гэта — святое. І мне хацелася б, каб гэты фестываль стаў міжнародным”.







Удзельнікі расійскага фольк-кор гурта “Абвиотура” расказалі журналістам, што пасля ўдзелу ў фестывалі “Рок-кола” вельмі хацелі прыехаць у Полацк яшчэ раз, але не ведалі, як напрасіцца:

“Мы былі вельмі рады гэтаму запрашэнню. Прызнаюся, што знайшоў у сваіх архівах ліст, які неяк пачаў пісаць Сяргею Іванавічу. Маўляў, “Добры дзень, шаноўны Сяргей Іванавіч! Піша табе гурт “Абвиотура”… “ А далей ліст заканчваўся, бо я не ведаў, як бы так далікатна напрасіцца на канцэрт. Але лёс склаўся так, што праз паўгода ад таго ліста Аніса сам знайшоў нас і запрасіў выступіць на фестывалі. Гэта для нас вялікая радасць!

Для нас вялікі гонар выступаць на фальклорным фестывалі менавіта ў Беларусі, бо, калі казаць па шчырасці, фальклорныя традыцыі ў Беларусі шануюць больш рупліва, чым у нас, у Расіі, у горадзе, адкуль мы прыехалі таксама, у Растове-на-Доне”.

Канцэрт прыцягнуў увагу ўсяго горада Полацка. Гэта заслуга не толькі вядомых выканаўцаў, але і самога Анісы, бо свой кожны фестываль ён намагаецца зрабіць максімальна прафесійна. Людзі ведаюць гэта і з радасцю ходзяць на такія канцэрты.



Калі на сцэну выйшаў гурт Акана, Руся, вакалістка гурта, падаравала Сяргею Анішчанку кветкі і звярнула ўвагу слухачоў на тое, што “Аніса — гэта чалавек, які спачатку думае пра шоў, а ўжо потым пра бізнэс. Таму яго канцэрты сапраўды поўныя любові і клопату пра людзей”. Дарэчы, усе ўдзельнікі атрымалі адмысловыя дыпломы фестывалю “Полацкі сшытак” з падзякамі за “высокі прафесіяналізм і значны ўклад у адраджэнне і развіццё нацыянальных культурных традыцый”.





Аніса распавёў нам, што ён плануе ніколі не спыняцца, бо фестывалі і канцэрты — гэта яго жыццё:

“Ёсць такая рэч, як сто адсоткаў выканання культурнага плану. Тут Віцебск павесіў на нас дзвесце адсоткаў. Дык вось, мы не выконваем план у трыста адсоткаў, мы проста жывем тым, што сёння адбываецца. Мне сапраўды прыемна, што гэты фестываль робіцца ў Полацку і што ёсць побач сябры, музыкі і журналісты. Таму давайце разам пажадаем нашаму фестывалю доўгага жыцця!”

Музычная рэдакцыя Еўрарадыё далучаецца да пажаданняў !



























фота Сяргей Балай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі