У Пінску сёлета рыхтуюцца да нашэсця шведаў

Пінскі краязнаўца Аляксей Дуброўскі прагназуе сёлета нашэсце шведаў на Беларусь. Летам гэтага года спаўняецца 300-я гадавіна падпісання саюза паміж казацкім гетманам Мазепам і шведскім каралём Карлам ХІІ супраць расійскага цара Пятра І.
З гэтай нагоды прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка і міністр замежных спраў Швецыі Карал Більд дамовіліся, што да юбілею ва Украіне будзе ўсталяваны помнік Карлу ХІІ, а ў Швецыі – Івану Мазепу.

Падпісанне саюза адбылося ва Украіне. Шведскае войска дабіралася туды праз Беларусь. Таму краязнаўца мяркуе, што сёлетнія турыстычныя маршруты шведаў пройдуць акурат па тэрыторыі нашай краіны і, у прыватнасці, праз Пінску, дзе войска Карла ХІІ спаліла палац Вішнявецкіх.

Дарэчы, летась, краязнаўца Аляксей Дуброўскі асабіста зацікавіў да паездкі на Палессе больш за сотню шведскіх турыстаў, якія проста шалеюць ад мясцовай прыроды. Адмыслова для іх пякуць бульбу ў прыску, вараць юшку, частуюць самагонкай.

Глеб Паўлоўскі, Еўрарадыё, Пінск

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі