У парламенце будуць эканоміць на 512 лямпачках

У знакамітай жырандолі-"зорцы" усе лямпачкі заменяць на энергазберагальныя У дзяржаўным друку і на тэлебачанні з’явілася інфармацыя, што дэпутаты вырашылі зрабіць свой унёсак у энергазберажэнне краіны. Яны выступілі з ініцыятывай замяніць звычайныя лямпачкі энергазберагальнымі спярша ў вялікай жырандолі зоркападобнай формы, што знаходзіцца ў Авальнай зале.

Еўрапейскае радыё, каб спраўдзіць гэтую інфармацыю, датэлефанавалася да некаторых парламентарыяў і папрасіла пракаментаваць, як менавіта яны эканомяць электрычнасць.

Вользе Абрамавай гэтае пытанне падалося дурнаватым. А дэпутат Касцян палічыў паведамленне “газетнай качкай” і нават правакацыяй.

Касцян: Сумна стала жыць, відаць, у “Советской Белоруссии”. Ужо не ведае, што прыдумаць, бо яе ніхто не чытае.

Сам жа прыгадаў як 5 гадоў таму звяртаўся да гаспадарнікаў Палаты, каб замяніць лямпачкі, але і дагэтуль паўсюль і ў кабінеце самога Касцяна лямпачкі звычайныя.

На самой жа справе, для вялікай жырандолі-“зоркі”, што вісіць у Авальнай зале энергазберагальныя лямпачкі (а іх патрэбна 512 штук) ужо купляюцца. Пра гэта Еўрапейскаму радыё распавёў супрацоўнік Галоўнага гаспадарчага ўпраўлення Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Філіп Высоцкі:

Высоцкі: Зараз ідзе праца па закупцы. Ёсць яшчэ такі момант, што вышыня ў Авальнай зале каля 14 метраў, таму трэба будзе выклікаць высотнікаў. Спадзяемся, што пакуль дэпутаты будуць на вакацыях, усё набудзем і заменім.

Наступным этапам стане замена лямпачак у дэпутацкіх кабінетах, але будзе гэта няхутка. Еўрапейскае радыё таксама датэлефанавалася ў шэраг бюджэтных установаў, каб дазнацца, як там выконваюць дырэктыву №3. У Палацы рэспублікі энергазберагальныя лямпачкі ўсталяваныя даўно і пастаянна мяняюцца. Часткова замененыя яны і ў канцэртнай зале “Мінск”.

А вось у Доме афіцэраў энергазберагальная сістэма старая, яшчэ савецкая – там чакаюць капітальнага рамонту, грошы на які пакуль не выдаткавалі.

Затое кіраўнік аддзела дэпартамента па энергаэфектыўнасці Андрэй Мінянкоў, дзе карыстаюцца энергазберагальнымі лямпачкамі, распавёў нам, што самае сучаснае абсталяванне ў адміністрацыйных і будынках сацыяльнага абслугоўвання ўведзенае ў 37-й мінскай школе. Яно там значна больш эфектыўнае, чым замена лямпачак.

Фота: physics.nad.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі