У Оршы з пенсіянераў незаконна бралі плату за жыллё

Дом па вуліцы Перакопскай, пабудаваны ў 90-х гадах мінулага стагоддзя, цяпер знаходзіцца ў гаспадарчым падпарадкаванні Аршанскаму льнокамбінату. Шматпавярховік знаходзіцца ў маляўнічым месцы на беразе Дняпра, побач — парк, як кажуць мясцовыя жыхары, патрапіць у гэты дом у свой час было вельмі няпроста.

У красавіку мінулага года будынак перавялі ў катэгорыю арэнднага жылля, і з пенсіянераў сталі браць арэндную плату — 70 тысяч рублёў штомесяц. Грошы як быццам і невялікія, але для пенсіянера і гэта таксама значная сума. Жыхары дома напісалі калектыўнае пісьмо ў рэдакцыю газеты “Аргументы і факты”. Газета ў сваю чаргу звярнулася па тлумачэнні ў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Там перавод жылога дома “Ветэран” у катэгорыю арэнднага жылля прызналі незаконным і направілі ліст у Аршанскі райвыканкам з патрабаваннем вярнуць дамам статус спецыяльных жылых памяшканняў.

Пенсіянеры пакуль не ведаюць, адмянілі рашэнне ці не. Распавядае жыхарка дома Марыя Сазонава:

“Гэта ўсё прыйшло, перадалі, а мы ўсё чакаем, будуць з нас у наступным месяцы вылічваць або не. Яны штосьці там нахімічаць, але нам не аб’явілі нічога. А прыслалі ж, каб зняць, у гарвыканкам. І ў газеце ж гэта было, і па тэлевізары паказалі, што незаконна бяруць, а мы чакаем, нам яшчэ нічога не паведамілі”.

Мы звярнуліся ў бухгалтэрыю Аршанскага льнокамбіната, каб даведацца, будзе ў наступным месяцы адмененае рашэнне ці не. Але там размаўляць з журналістам адмовіліся.

"Ну, я пра гэта штосьці чула, але на такія пытанні па тэлефоне я не адказваю. Я не магу так адразу штосьці вам патлумачыць, трэба разбірацца", — кажа галоўны бухгалтар камбіната.

Жыхары дома спадзяюцца, што рашэнне аб пераводзе дома ў арэнднае жыллё ўсё ж адменяць. Але для гэтага ветэранам давялося звяртацца ажно ў сталічныя СМІ, на месцы вырашыць гэту праблему проста не атрымалася.

Фота: berdsk-online.ru

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі