У новым мінскім клубе няма месца для зорак беларускай эстрады

У мінулую пятніцу тусовачны Мінск адзначаў дзень народзінаў новага, альтэрнатыўнага клубу Літаральна ў цэнтры гораду адкрыўся даволі салідны “Doodah King Bar” — клуб прыхільнікаў жывой музыкі і шчырай культуры “правільнай музыкі для дарослых”.



Уладальнік клуба Барыс (і, як нам стала вядома, дасведчаны стрыт-рэйсер)  кажа, што назва нарадзілася ў выніку незвычайнага дызайну месца:

“Doodah King” — гэта “кароль дробязей”, нейкіх дробных рэчаў, смецця. Таму што бар сапраўды зроблены са смецця. Вось як душы хацелася, так мы яго і зрабілі”.

Насамрэч, дызайн “Doodah King Bar” прыцягвае ўвагу з першага кроку ў клуб. Два маладых мастака размалявалі памяшканне ў нейкім” вуду-арт” стылі, куды дадалі яшчэ крыху сэкса, крыху коміксаў, крыху партрэтаў зорак джазу, блюзу і року, і цяпер клуб падобны на пейотавы сон.



Барыс дадае, што яго клуб працуе для адмысловых людзей:

“Я чакаю тут тых, хто цэніць добрую музыку, добрае наваколле, і камфорт, які мы  ствараем”.

Арт-дырэктар “Doodah King Bar” Наташа Давыдава лічыць, што любы клуб адрознівае ад іншых выключна атмасфера:

“Як бы не рабілі дызайн, якую б канцэпцыю не прыдумлялі, усёж-такі клуб ствараюць людзі, якія там тусуюцца. Я думаю, што тут вельмі мала будзе выпадковых людзей, бо мы адкрылі клуб для сяброў. Для ўсіх тых 30-45-цігадовых, якія выраслі на джазе і блюзе, яны ствараюць “касьцяк” гэтага клуба!”



Еўрарадыё: Вы што, плануеце зрабіць клуб закрытага тыпу?

Н.Д.: Ён адкрыты, вядома, але для сяброў, для нефармальных зносін ужо знаёмых паміж сабой людзей.



Еўрарадыё: Які музычны фармат вы абралі?

Н.Д.: "Вядома, што гэта альтэрнатыва папсе. Гэта клуб не для нашых беларускіх зорак эстрады, прабачце. Наш музычны фармат, гэта джаз, блюз, соул, фанк…"

На адкрыцці клуба публіку вітаў Яўгеній Маргуліс, кумір шматлікіх людзей, легендарны “белы блюзмэн” Расіі, вядомы па ўдзелу ў такіх гуртах, як “Машина Времени” і “Воскресенье”. Народ ружавеў ад шчасця!

“Выбар зоркі быў не выпадковы. Мы хацелі запрасіць менавіта куміра дарослых людзей,
Маргуліса, які грае свой “мяккі” блюз, з яго мы пачынаем наша адкрыццё. Раз на месяц мы плануем праводзіць жывыя канцэрты і раз на тры месяцы гэта будуць нейкія мега-зоркі, запрошаныя намі з Масквы і Санкт-Пецярбургу. Я лічу, што сёння прыйшоў час сапраўднай музыкі. Яшчэ гадоў дзесяць таму, мы выхоўваліся на добрай, жывой музыцы, а пазней прыйшла ды-джэй культура, якая запоўніла музычны свет Расіі. А цяпер, я лічу, пачынаецца дарога назад. Вяртанне да жывога, да сапраўднага, да правільнай музыкі”.



“Doodah King Bar” — гэта клуб-бар амерыканскага тыпу. Тут гучыць амерыканская музыка, на сценах вісяць тыповыя амерыканскія аўтамабільныя знакі, постэры пра тое, што “з такога-та года піва дапамагае непрыгожым людзям кахацца”, і, вядома, тут вам прапануюць пакаштаваць амерыканскую ежу.

“Канцэпцыя меню “Doodah King Bar” — гэта амерыканскі бар і грыль. Гэта ўсялякія стэйкі з мяса, рыбы і мексыканская ежа. Нешта такое падобнае было калісь у Мінску  ў незвычайна добрым і вядомым  клубе “Jonnie Be Good”, — кажа Наташа Давыдава.

“Doodah King Bar” запрашае усіх мінчукоў наведаць новае месца і далучыцца да культуры жывога гуку і выключна добрай музыкі старых традыцый.




Фота: Юра Маціюн

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі