У Nizkiz выйшла лічбавая пласцінка ў фармаце 3plet

Гурт Nizkiz прэзентуе лічбавую пласцінку "Guantanama", выдадзеную ў фармаце 3plet. Сертыфікат на выпуск альбома ад кампаніі 3plet музыкі атрымалі ў якасці спецыяльнага прыза на прэміі Еўрарадыё "Даём рады". У пласцінку ўвайшлі ўсе запісы, выдадзеныя магілёўскай камандай за гісторыю існавання: аднайменны дэбютнік, сінглы "Держи" і "Гуантанама".



"Цяпер адбываецца свайго роду адрыў музыкі ад аўтара, ― тлумачыць важнасць 3plet'а ў дыскаграфіі гурта бубнач Зміцер Халяўкін. Але ўсё адно ёсць людзі, якім мала паслухаць адну песню, яны хочуць яшчэ пачытаць тэксты, паглядзець карцінкі, каментарыі, інфармацыю пра запіс. Вось тут гэта ўсё можна зрабіць: да кожнага трэка пракладаецца карцінка, каб стварыць больш цэласны вобраз, дапамагчы слухачу зразумець, як мы бачым нашу пласцінку не толькі праз музыку, але і праз візуалізацыю".



Музыкі падкрэсліваюць, што выхад пласцінкі з фармаце 3plet вельмі актуальны ў час, калі практычна ў кожнага ёсць смартфон ці планшэт. Неўзабаве альбом з'явіцца ў афіцыйных крамах для Android і Apple. Гэта, на думку Nizkiz, павялічыць колькасць прыхільнікаў гурта і прыцягне асаблівую ўвагу, бо ў падобнай справе Nizkiz ― першапраходцы ў Беларусі.



З усяго матэрыялу выдання музыкі ўсё ж выдзяляюць кампазіцыю "Гуантанама" ― дэбют каманды на беларускай мове. Дарэчы, на пачатку траўня адбудзецца прэм'ера яшчэ аднаго беларускамоўнага сінгла Nizkiz, які будзе характарызаваць гучанне будучай пласцінкі гурта, над якой вядзецца актыўная праца.



Некалькі прэм'ер з яе каманда пакажа падчас свайго выступу на фэсце "Дзень радыё", які пройдзе ў сталічным клубе Re:Public 23 траўня і збярэ лепшыя live-каманды Беларусі.