У Нацыянальным аэрапорце затрымалі замежніка з наркотыкамі ў флаконе

30 жніўня ў Нацыянальным аэрапорце Мінск супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі МУС пры дапамозе калег з Мінскага АУС на паветраным транспарце затрымалі грамадзяніна Расіі, які перавозіў какаін.

Паводле інфармацыі прэс-службы МУС, 52-гадовы жыхар Растоўскай вобласці Расіі вяртаўся на радзіму з Перу, транзітам праз Амстэрдам і Мінск.

Змагары з наркотыкамі напярэдадні атрымалі аператыўную інфармацыю пра магчымы прылёт трафікёраў з Лацінскай Амерыкі. Высветлілася, што такім авіямаршрутам мужчына падарожнічаў ужо не першы раз.

Пры даглядзе ручной паклажы ў падазраванага знайшлі больш за 140 грамаў рэчыва белага колеру. Пазней эксперты выявілі, што парашок мае ў сваім складзе наркотык — какаін. Ён быў грунтоўна, амаль заводскім спосабам, спакаваны ў ёмістасць ад касметычнай прысыпкі. 

Таксама ў мужчыны знайшлі пасведчанне чальца міжнароднай асацыяцыі паліцыянтаў. Сапраўднасць гэтага дакумента — пад сумневам, бо да службы ў праваахоўных структурах ён ніякага дачынення не меў.

Цяпер на турыста пачалі крымінальную справу за незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў. Мужчыну ўзялі пад варту. 

Дарэчы, ён з'яўляецца кіраўніком створанага ім жа самім дабрачыннага фонду.