Вы тут

У МУС распавялі, калі запрацуе агульная беларуска-расійская база невыязных

Чыгуначны вакзал у Брэсце / Еўрарадыё

Плануецца, што агульная беларуска-расійская база невыязных у поўным аб'ёме запрацуе да 1 красавіка. Пра гэта парталу TUT.by паведаміў начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун

Цяпер абедзве дзяржавы паэтапна ўносяць у базу інфармацыю па грамадзянах, якім абмежаваны выезд. Тыя, хто трапіў у базу, ужо не змогуць выехаць у трэція краіны праз Расію.

Раней планавалася завяршыць складанне агульнай базы невыязных да 1 сакавіка. Але тэрмін перанеслі, бо ўнесці ў базу давялося празмерна вялікі аб'ём інфармацыі. 

Па словах Бегуна, інфармацыю аб тых, з каго знялі часовую забарону на выезд з краіны, будзе прыбірацца з агульнай базы на працягу сутак. Праверыць, ці не забаронены вам выезд за мяжу або ці дазволены ўезд у Беларусь, можна онлайн на сайце МУС у асабістым кабінеце карыстальніка (для гэтага трэба зарэгістравацца: увесці пашпартныя звесткі, у тым ліку асабісты нумар, мабільны тэлефон, адрас электроннай пошты).

У базу невыязных у Беларусі ўключаюць тых, за кім лічацца запазычанасці — у тым ліку па падатках і аліментах, а таксама даўжнікоў па справе аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве). Акрамя таго, невыязнымі з Беларусі лічацца падазраваныя ці абвінавачаныя па крымінальнай справе, а таксама ўхілісты ад прызыву на вайсковую службу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.