Беларуса могуць не пусціць у Расію за неаплачаны штраф

Грамадзяніна Беларусі нечакана не пусцілі ў Расію за неаплачаны штраф, два гады таму недзе пад Бранскам яго спынілі за непрышпілены рэмень. Цяпер мужчына вяртаўся самалётам з Егіпта праз Маскву і быў затрыманы. Бедака хацелі дэпартаваць назад у Егіпет. У выніку атрымалася дамовіцца аб дэпартацыі самалётам у Мінск.

Еўрарадыё паведамляла пра тое, што існуе спіс непажаданых асобаў Саюзнай дзяржавы. Але акрамя яго кожная краіна мае свой спіс. У наш уваходзяць і расіяне, напрыклад, праваабаронца Андрэй Юраў. У расійскі спіс, як выявілася, беларуса могуць унесці нават за неаплачаны штраф. 

"Гэта можа быць падставай, — пацвярджаюць Еўрарадыё ў памежнай службе ФСБ Расіі. — Калі ў дачыненні да замежнага грамадзяніна прынятае рашэнне аб забароне ўезду ў Расійскую Федэрацыю, то яго не пусцяць".

Атрымліваецца, што мяжы паміж краінамі няма, Саюзная дзяржава нібыта ёсць, і ў яе нават ёсць агульныя "чорныя спісы". Але кожная краіна мае яшчэ і свой спіс персон нон грата.

Як даведалася Еўрарадыё, у беларускі спіс расіянін тэарэтычна можа трапіць за неаплачаны штраф. Але для гэтага яго спачатку будуць шукаць праз суд, а потым ужо суд можа ініцыяваць уключэнне ў такі спіс. Праўда, па законе чалавеку пра гэта павінныя паведаміць. Але было ўжо некалькі выпадкаў, калі непажаданыя расіяне даведваліся пра свой статус, калі іх дэпартавалі.

У адным з аддзелаў па грамадзянстве і міграцыі, прадставіўшыся расіянінам, цікаўлюся, ці не будзе ў мяне праблем з неаплачаным штрафам. Могуць за гэта ўнесці ў "чорны спіс"?

"Увогуле наўрад ці. Я з такім не сутыкалася. Першы раз такое пытанне задаюць".

Грамадзяніна Беларусі дэпартавалі і забаранілі ўезд на тэрыторыю Расіі на два гады. Еўрарадыё пацікавілася ў расійскіх памежнікаў, як аплаціць штраф, калі нельга прыехаць, там адказалі, што не абавязкова прыязджаць, але як аплаціць, не ведаюць.

Беларускія памежнікі не ведаюць, як фармуецца наш "чорны спіс", бо толькі карыстаюцца ім.

Фота: holiday.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі