Вы тут

У МУС расказалі пра ўдзел у затрыманні беларусаў, якія рабавалі фуры ў ЕС

Рабаванні адбываліся ў Германіі і Францыі / Скрыншот з відэа

У МУС расказалі пра ўдзел у затрыманні беларусаў, якія рабавалі фуры ў ЕС. Удзельнікі злачыннай групоўкі сваю здабычу альбо прадавалі ў краінах Еўрасаюза, альбо кантрабандай прывозілі на радзіму. Іх затрымалі ў Германіі, дзякуючы Галоўнаму ўпраўленню па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі. Яго супрацоўнікам яшчэ летась стала вядома, што некалькі жыхароў Аршанскага раёна "здзяйсняюць маёмасныя злачынствы ў Еўрапейскім саюзе". Іх асобы ўдалося высветліць. У далейшым беларускія сілавікі ўзаемадзейнічалі з калегамі з краін ЕС.

Спачатку быў затрыманы 42-гадовы лідар групоўкі. У Аршанскім раёне ён збіў бітай чалавека. Пасля гэтага ўдзельнікі групоўкі выехалі з Беларусі ў ЕС, пра што і было паведамлена еўрапейскім праваахоўнікам. У выніку, 10 кастрычніка пасля крадзяжу беларусамі партыі тэлевізараў з грузавіка ў Германіі іх затрымалі.

Агульныя страты ад дзейнасці групоўкі ў Германіі і Францыі ацэньваюцца на суму 500 тысяч еўра. Частку скрадзенага ўдалося знайсці ў Оршы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.