У мінскую начлежню бяруць толькі дабраахвотнікаў

У студзеньскія дні ў Мінску практычна ня ўбачыш бяздомных. Бадзягі ідуць у Дом начнога знаходжання, што на вуліцы Ваўпшасава. Цяпер тут жыве 56 чалавек, усяго ж установа мае 92 месцы. Мікалай Вяркееў, дырэктар дома для бяздомных, кажа: "Гвалтам па мы нікога не збіраем. Кожны, хто меў апошнюю прапіску ў горадзе-героі Мінску, можа да нас звярнуцца. Мы дапаможам пасяліцца, абследавацца медычна, аформіць пашпарт і рэгістрацыю. Перш чым трапіць да нас, чалавек атрымлівае накіраванне для праходжання медычнага абследавання ў паліклініцы. Абследаванне невялікае — санітарная апрацоўка, флюараграфія, агляд скурнага ўрача, тэрапеўта, прышчэпкі. На начлег да нас прыбываюць з 18 да 22 гадзін. У 7.00 — пад'ём, водныя працэдуры. Да 8.00 грамадзянін павінен пакінуць нашу ўстанову". М.Вяркееў паказвае папку з паперамі, сабранымі для атрымання пашпарту адным з пастаяльцаў: "Гэты грамадзянін жыў некалі ў вёсцы Кунцаўшчына. Выпісаны ў 1981 годзе, ходзіць яшчэ са старым савецкім пашпартам. Будзем узнаўляць яму новы пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь". Каб палепшыць умовы знаходжання тых, хто пазбаўлены даху над галавой, кіраўніцтва Дома начнога знаходжання сумесна з Чырвоным Крыжам вырашае пытанне аб арганізацыі тут гарачага харчавання. Акрамя пасцелі, бяздомным даюць ва ўстанове цёплае адзенне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі