Вы тут

У Мінску з'явіўся бульвар 17 верасня — у гонар новага дзяржаўнага свята

Уваход на стадыён "Дынама" з вуліцы Кірава. Побач цяпер будзе бульвар 17 верасня / Еўрарадыё

У Мінску з'явіўся бульвар 17 верасня — у гонар новага дзяржаўнага свята — Дня адзінства. Такое рашэнне прынялі дэпутаты, якія 24 снежня далі новыя назвы некаторым вуліцам і кварталам беларускай сталіцы, паведамляе агенства "Мінск-навіны".

Бульвар 17 верасня знаходзіцца ў межах вуліц Леніна, Кірава, Ульянаўскай і стадыёну "Дынама". Пры гэтым дэпутаты, натуральна, забыліся, што 17 верасня — вельмі неадназначная дата ў беларускай гісторыі. У гэты дзень у 1939 годзе Чырвоная армія ўвайшла на тэрыторыю Заходняй Беларусі, якая належыла Польшчы і тым самым уступіла ў Другую сусветную вайну. Чым стаўся прыход "чырвоных" на заходнебеларускія землі — напісана ў шматлікіх гістарычных артыкулах. Але цяперашнія беларускія ўлады падаюць гэты дзень у гісторыі як уз'яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі. Прызначэнне дзяржаўнага свята ў Беларусі на гэтую дату выклікала вострую крытыку ў Польшчы.

Апроч бульвара 17 верасня ў Мінску з'явіліся кварталы Верхні горад, Ракаўскае прадмесце і Траецкая Гара. А ў раёне Масюкоўшчына — вуліца расійскага пісьменніка Сцяпана Злобіна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.