Вы тут

У Мінску з'явіцца помнік Статуту ВКЛ і Канстытуцыі Беларусі

Вярхоўны Суд / Еўрарадыё

У Мінску з'явіцца помнік 490-годдзю Статуту ВКЛ і 25-годдзю Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Ён будзе выраблены з алюмінію з імітацыяй пад камень і ўсталяваны каля будынка Вярхоўнага суда, інфармуе Радыё Свабода.

Аўтарамі скульптурнай кампазіцыі з'яўляюцца Сяргей Бандарэнка і Арцём Мядзведзеў. Іх праект выйграў конкурс, які ініцыявала Міністэрства культуры. Па словах Бандарэнкі, помнік быў гатовы ўжо ў канцы мінулага года. З-за абмежаваных тэрмінаў яго не выраблялі з каменю. Але алюміній — матэрыял таксама даўгавечны, кажа скульптар.

Сяргей Бандарэнка распавёў, што была зроблена стылізацыя "пад абеліск у выглядзе жанчыны... у адзенні з нацыянальнымі рысамі". У адной руцэ яна трымае Статут ВКЛ, у іншай — Канстытуцыю РБ. Гэта мусіць сімвалізаваць пераемнасць.

Калі помнік будзе ўсталяваны, пакуль невядома. Яго вышыня складзе 4,5 метра.

Вярхоўны суд Беларусі пераехаў у новы будынак на вуліцы Арлоўскай вясной мінулага года. Яго ўзвялі насупраць Палаца незалежнасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.