Вы тут

У Мінску затрымалі актывістаў, якія зладзілі парад з труной

"Танцуючыя трунары" ў Мінску

8 траўня актывісты "Моладзевага блока" зладзіла ў Мінску перфоманс у стылі "танцуючых трунароў" з Ганы. Яны пранеслі труну па праспекце Незалежнасці ў раёне станцыі метро "Усход". Відэа трапіла ў сацсеткі і хутка стала вірусным.

9 траўня некалькіх актывістаў, а таксама аператара, які здымаў відэа, затрымалі. Па звестках праваабарончага цэнтра "Вясна", у міліцыі апынуліся Міхаіл Варанцоў, Вераніка Яновіч, Ліза Пракопчык і Данііл Лаўрэцкі.

Увечары 9 траўня з затрыманымі змаглі звязацца журналісты TUT.by. Міхаіл Варанцоў распавёў, што ў Першамайскім РАУС Мінска яго пратрымалі каля 6 гадзін. Яго як сведку распытвалі пра акцыю з труной.

Вераніка Яновіч таксама знаходзілася ў Першамайскім РАУС. Дзяўчыну затрымалі каля 11:00 і таксама распытвалі пра перфоманс з труной. Пратакол затрымання, па яе словах, не складалі. "Калі пыталася, чаму затрымалі, яны [тыя, хто затрымаў. — Еўрарадыё] сказалі, што суседзі скардзіліся на шум", — распавядае Вераніка Яновіч. Ёй не дазволілі патэлефанаваць бацькам з міліцыі.

Разам з актывістамі былі затрыманыя трое іх знаёмых, якія не ўдзельнічаюць у "Моладзевым блоку". Увечары іх таксама адпусцілі.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" паведамляе, што ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў патрапілі яшчэ двое актывістаў — Ліза Пракопчык і Данііл Лаўрэцкі. У "Моладзевым блоку" паведамляюць, што ў панядзелак іх будуць судзіць у судзе Першамайскага раёна Мінска, падчас паседжання пакуль невядомы. Таксама невядома, у чым менавіта іх будуць абвінавачваць.

З Instagram-акаўнта "Моладзевага блока" зніклі здымкі з іншай акцыі, праведзенай 7 траўня. Маладыя людзі сфатаграфаваліся на плошчы Перамогі на фоне надпісу "Подзвіг народа бессмяротны" з плакатамі, на якіх было напісана "А мы не".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.