У Мінску з аўкцыёну прадалі кватэру Валерыя і Веранікі Цапкалаў

Мінская кватэра Цапкалаў

Мінская кватэра Цапкалаў / "БелЮрЗабеспячэнне"

У Мінску праз электронны аўкцыён прадалі кватэру Валерыя і Веранікі Цапкалаў. Зрабіць гэта ўдалося толькі з другой спробы, калі знайшліся тры пакупнікі. Першы раз кватэру спрабавалі прадаць 27 лютага 2024-га, але таргі не адбыліся — не знайшлося ахвочых. Пасля гэтага цану на кватэру знізілі — да 286 753 рублёў 76 капеек (раней яна каштавала на 70 тысяч рублёў даражэй). У выніку 9 красавіка яе прадалі за 395 тысяч 720 рублёў 27 капеек.

Трохпакаёвая кватэра Цапкалаў агульнай плошчай 103,7 квадратных метраў знаходзіцца ў доме №5 на вуліцы Чарнышэўскага. У Беларусі сям'я Цапкалаў не жыве з лета 2020-га з-за пагрозы палітычнага пераследу. Валерый Цапкала раней кіраваў Паркам высокіх тэхналогій. У 2020 годзе ён заявіў пра жаданне ўдзельнічаць у выбарах прэзідэнта, але ЦВК не зарэгістраваў яго кандыдатуру. Пасля гэтага яго жонка Вераніка далучылася да аб'яднанага штабу Святланы Ціханоўскай.

Валерыя Цапкалу на радзіме завочна асудзілі на 17 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Кватэру арыштавалі, а цяпер прадалі. Вераніка Цапкала заявіла, што з часам вернецца і будзе спаганяць арэнду з пакупнікоў кватэры.

Flowers Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі